Вінцук Вячорка: Беларускамоўных зрабілі меншасцю ў сваёй краіне
Колькасць беларусаў, якія лічаць роднай мовай рускую, вырасла за 10 гадоў з 35% да 43%, сведчаць дадзеныя апытання, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта.
„Згодна з вынікамі апытання 2017 года, 48% насельніцтва Рэспублікі Беларусь лічыць сваёй роднай мовай беларускую. Назвалі ў якасці роднай адначасна дзве мовы (беларускую і рускую) 6% апытаных”, – гаворыцца ў штогадовым зборніку сацыялагічных даследаванняў ІАЦ.
Мовазнаўца Вінцук Вячорка адзначае, што беларускамоўных фактычна зрабілі меншасцю ў сваёй краіне:
– Гэта ўпершыню за ўсю гісторыю апытанняў з канца 19 стагоддзя колькасць людзей, якія назвалі беларускую мову роднай, меншая за палову! Нас, беларускамоўных і нават тых людзей, хто проста лічыць беларускую мову роднай, робяць меншасцю ў нашай уласнай краіне. За гады кіравання Лукашэнкі адсотак людзей, якія лічаць беларускую мову роднай, зменшыўся больш чым на трэць. Гэта абсалютны прысуд усёй моўна-культурнай палітыцы цяперашняй улады.
„Беларускай мовай у паўсядзённым жыцці грамадзяне карыстаюцца вельмі рэдка (у сярэднім 3% рэспандэнтаў)”, – адзначаюць у прэзідэнцкім ведамстве. Размаўляюць на так званай „трасянцы” у сярэднім 43,5% апытаных, пры гэтым часцей змешаную мову практыкуюць у сям’і, пры зносінах з сябрамі і суседзямі. У той жа час мовазнаўца Вінцук Вячорка адзначае, што такога паняцця як „трасянка” няма – бо гэта і ёсць беларуская мова з умяшальніцтвам некаторых расейскіх слоў і выразаў.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя