Вінцук Вячорка: Медаль 100-годдзя БНР – узнагарода дзяржаўнай традыцыі
„Медаль да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі” пад час урачыстасцяў у Вільні атрымаў беларускі філолаг, палітык, публіцыст Вінцук Вячорка. Медаль на знак прызнання заслугаў дзеля незалежнасці і дэмакратыі ўручыла яму старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.
Кажа Вінцук Вячорка:
– „Хачу сказаць, што гэта адна з найвыдатнйшых прадстаўніц (Івонка Сурвілла – рэд) залатога пакалення нашай дыяспары. Гэта абсалютна ідэйныя, адданыя справе людзі. І яна годна нясе тытул старшыні Рады БНР, прадстаўніка свабоднай Беларусі ў свеце. І вельмі шкада, што ў нас не складаецца гісторыя так, як яна складалася ў Балтыйскіх краінах, дзе выдатныя людзі з дыяспары вярталіся і неслі палітычныя абавязкі на самой Бацькаўшчыне.
Дэкрэтам старшыні Рады БНР і сяброў Рады ў 2018 годзе была заснавана адмысловая ўзнагарода Беларускай Народнай Рэспублікі. Выклікана ўвядзенне ўзнагароды было перадусім з прычыны таго, што ўведзеныя беларускія ўзнагароды ў кароткі перыяд сапраўднай незалежнасці пачалі дэвальвавацца.
Кажа Вінцук Вячорка:
– Ордэн Каліноўскага ўвогуле знік з раскладу ўзнагародаў. А калі гаварыць пра ўзнагароды імя Скарыны, то дазвольце мне цяпер не гаварыць каму яны былі параздаваны цяперашнім кіраўніком дзяржавы – выпадковым людзям, зрэшты як выпадковыя тыя людзі, якія цяпер кіруюць нашай дзяржавай, чужыя нашай традыцыі, нашай гісторыі, нашым выдатным імёнам. І ў гэтым сэнсе вельмі важна правільна, што з’яўляюцца аўтэнтычныя беларускія ўзнагароды, верныя нашай сапраўднай дзяржаўнай традыцыі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара