Вінцук Вячорка: Уладзе такія ўзнагароды не вельмі і патрэбныя



Што дасць Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч для Беларусі? Пра гэта распавядае грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка.

Вінцук Вячорка: Яна дасць веданне таго, што ёсць такая краіна ў свеце, як Беларусь. І гэтае веданне не будзе звязана толькі з беларускай уладай.

РР: Можна нейкім чынам вызначыць масштабнасць гэтай падзеі?

Вінцук Вячорка: Можна сказаць адно – гэта вельмі значная падзея для краіны, але цяпер шмат што залежыць ад самой Святланы Алексіевіч. Наколькі яна сінхранізуе свой новы статус з усведамленнем таго, што яна прадстаўляе менавіта краіну Беларусь і беларускі народ.

РР: На ваш погляд, для ўлады – гэта таксама значная падзея?

Вінцук Вячорка: Я думаю, што для іх у нейкім сэнсе гэта непрыемная падзея. Найбольш вядомым у свеце павінен быць адзін чалавек, які прадстаўляе Беларусь. Усе іншыя яму непадкантрольныя знакавыя фігуры становяцца канкурэнтамі.

РР: Беларускае тэлебачанне прысвяціла перамозе Святланы Алексіевіч зусім нязначную частку часу.

Вінцук Вячорка: Гэта было прадказальна, хаця хітры рэдактар адной дзяржаўнай газеты яшчэ загадзя рыхтаваўся, каб сказаць, што ён вітае гэтую перамогу. Але навіна для іх усё роўна – далёка не галоўная. Зразумела, што каманды зверху не было. У рэшце рэшт, і беларускі лідар павіншаваў Святлану з вялікім спазненнем. Але ў параўнанні з Нобелеўскімі лаўрэатамі савецкіх часоў у нас ёсць нейкі крок наперад. Тым не менш, відавочна – уладзе такія ўзнагароды не вельмі і патрэбны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя