Вінцук Вячорка з новай кнігай на Берасцейшчыне
У сядзібе Таварыства беларускай мовы ў вёсцы Русіна каля Баранавічаў адбылася прэзентацыя кнігі «Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам». Прадстаўляў яе сам аўтар.
Аматары беларушчыны пазнаёміліся з мовазнаўчымі артыкуламі кнігі аўтара, паўдзельнічалі ў віктарыне, на развітанне атрымалі ад аўтара кнігі з ягоным аўтографам.
Па словах Вінцука Вячоркі, гэта не апошняя ягоная кніга прысвечаная роднай мове беларусаў.
У кнізе «Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам» ён разважае пра ўнікальнасць беларускай мовы. Кніга насычана цікавымі прыкладамі, якія Вінцук Вячорка збіраў цягам дзесяцігоддзяў:
— Вельмі мяне заўсёды турбавала ўзаемадачыненне мовы і нацыянальнага менталітэту, мовы і нашай прыналежнасці да той ці іншай цывілізацыі. Вельмі хачу таксама ўзброіць усіх, хто лічыць гэта патрэбным, аргументамі за нашую мову. Матывацыя вяртання да мовы яна перадусім духоўная, каштоўнасная, а не не прымітыўна-прагматычная.
Вінцук Вячорка адзначыў, што Баранавічы выглядаюць на фоне іншых гарадоў Берасцейшчыны больш беларускімі. Паводле перапісу насельніцтва 2009 года беларускую мову прызналі роднай больш за 48% гараджан. У той час як у Берасці прызналі роднай беларускую мову 84 тысячы, а 209 тысяч — расейскую, у Пінску ў гэтым сэнсе 46 на 79.
Беларускае Радыё Рацыя