„Віртуальнасць для рэальнасці” ў Берасці
Да завяршэння падыходзіць медыя-школа „Віртуальнасць для рэальнасці” ў Берасці. Яе ладзяць сябры моладзевай ініцыятывы „Аазіс”. Цягам двух тыдняў адбыліся заняткі па фотамастацтву, здымкам і мантажу, прайшлі кансультацыі з экспертамі.
Па выніках удзельнікі школы рыхтуюць медыя-прадукцыю, у якой будуць узнятыя востра-сацыяльныя тэмы з жыцця горада, адзначыла адная з галоўных арганізатараў адукацыйных сустрэч Ірына Мароз:
– У нас ёсць спецыяльныя хатнія заданні па пройдзеных тэмах, а таксама арганізоўваем кансультацыі для нашых удзельнікаў. Мы папрасілі нашых удзельнікаў, каб яны падумалі і прэзентавалі нейкія мясцовыя лакальныя тэмы для такіх сацыяльных акцый.
Мэта школы не толькі навучыць удзельнікаў тэхнічным навыкам фатаграфавання і стварэння відэаролікаў, флэш-анімацыі, але і развіць у іх навыкі бачыць і адчуваць праблемы, якія хвалююць жыхароў нашага горада, а таксама шукаць і знаходзіць добрае, пазітыўнае ў жыцці Берасця, дадала актывістка.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце