Віталь Алейнік: Тое што адбываецца ў Беларусі – пытанне, якое трэба вырашаць усёй Еўропай
У Нюрнбергу 11 кастрычніка адбудзецца Міжнародная прававая канферэнцыя «Злачынства супраць чалавечнасці і прызнанне Лукашэнкі тэрарыстам». Яе ініцыявала народнае антыкрызіснае ўпраўленне. На канферэнцыі выступіць прадстаўнік беларускай дыяспары ў Вільні Віталь Алейнік, які распавёў у эфіры нашага радыё, як яго справа трапіла на разгляд міжнародных структур і ці трэба хвалявацца Лукашэнку.
– Я вельмі ўдзячны Нацыянальнаму антыкрызіснаму упраўленню Паўла Латушкі, які мяне запрасіў на гэтую канферэнцыю. Яна будзе дастаткова прадстаўнічай, там будуць удзельнічаць і дыпламаты, і юрысты з розных устаноў, якія працуюць з такога кшталту злачынствамі, якія адбываліся і адбываюцца ў Беларусі. І я буду таксама выкладаць сваё бачанне і вопыт, які ў мяне быў у Беларусі, як чалавека, які таксама стаў ахвярай дзеянняў, якія робяцца ў Беларусі.
– Як Ваша справа трапіла ў лік тых, якімі займуцца міжнародныя структуры?
– Мяне ў сям’і гадавалі ў атмасферы справядлівасці, таму мне глядзець было цяжэй не на тое, як збіваюць ці маральна катуюць, а на тое, як сістэма рэагуе на гэта ўсё. Я лічу, што ў следчых органах, пракуратуры, судах працуюць дастаткова адукаваныя людзі, і калі яны пакрываюць гэтыя катаванні – вось гэта трываць немагчыма сумленным людзям. Таму я вырашыў, што так проста немагчыма пакідаць і знайшоў механізмы, якія працуюць у Еўропе і звязаўся з праваабаронцамі, якія падказалі куды можна звярнуцца. У мяне вельмі шмат адказаў з органаў, якія сведчаць пра парушэнні. Я проста прыклаў намаганні, каб прыйсці ў адпаведныя органы, правесці дзень там, каб прадставіць усю даказальную базу, яны разглядзелі ўсё і справа была ўзбуджаная ў рамках універсальнай юрысдыкцыі і я быў прызнаны пацярпелым.
– То бок варта нервавацца Лукашэнку з нагоды гэтай прававой канферэнцыі ў Нюрнбергу, таму што гэта можа быць першы крок да будучага паўнавартаснага трыбуналу?
– Абсалютна маеце рацыю. Сёння ў берлінскай газеце выйшаў артыкул, дзе немцы глядзяць на беларускае пытанне не толькі з боку катаванняў беларусаў, яны глядзяць шырэй – з пункту гледжання мігрантаў, якія выкарыстоўваюцца як зброя. Немцы вельмі занепакоены хваляй мігрантаў, якая існуе ў Германіі. Яны падазраюць кіраўнічыя колы Беларусі, што тыя датычныя да сітуацыі. У артыкуле апублікавалі, што следчыя органы Германіі разглядаюць магчымасць крымінальных спраў пэўных асоб з Беларусі. А таксама не трэба забывацца на сітуацыю з самалётам RyanAir з Раманам Пратасевічам. Таму усё накапліваецца і гэта трэба трымаць на павестцы, каб былі адпаведныя палітычныя рашэнні і гэтыя справы працягваліся. І канферэнцыя таксама мае на мэце яшчэ раз падкрэсліць, што тое што адбываецца ў Беларусі – справа ўжо не толькі Беларусі, а еўрапейскае рэгіянальнае пытанне, якое трэба і вырашаць усёй Еўропай.
Цалкам размову можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:
Беларускае Радыё Рацыя