Віталь Будзько: Дачка перахварэла на каронавірус



Палітзняволеная Кася Будзько, якая ўтрымліваецца на Валадарцы з лістапада 2020 году па справе „студэнтаў”, напісала бацькам, што паспела перахварэць за кратамі.

Бацька, грамадскі актывіст Віталь Будзько некалькі дзён таму атрымаў ліст з інфармацыяй пра гэта ды пра перапынак у справе:

– Спачатку адзін хлопец захварэў, нібыта на ковід, потым ужо мая дачка і ўся камера захварэла. Яна кажа, што падсялілі да іх двух новенькіх, у іх ужо не было нюху і праз дзень-другі яны ўсе захварэлі. Але ўжо выздаравела, усё добра. Тэсты ў іх увогуле не бралі, яны па нейкіх такіх ускосных сведчаннях зразумелі, што хворыя на ковід.

Па яго словах, у адносінах да дачкі ўзбудзілі чарговую справу:

– Нібыта вядзецца працэс, дадатковы працэс па нашай справе, па ўцечцы інфармацыі. Я не ведаю, што за ўцечка, што магло такога сур’ёзнага ўцячы „налева”. Адвакаты больш па бытавых пытаннях інфармацыю даюць, а так паводзяць сябе прафесійна, таму што там было ўцячы. Я губляюся ў здагадках.

Цягам бліжэйшага тыдня Віталь Будзько збіраецца звяртацца па дапамогу да сяброў і калег, бо грошы патрэбныя на аплату адваката і перадачу для яго дачкі.

Беларускае Радыё Рацыя