Віталь Будзько: Іншага выраку я і не чакаў
У Менску вынесеныя выракі па так званай справе студэнтаў. 12 чалавек атрымалі выракі ад 2 да 2,5 гадоў калоніі. Сярод фігурантаў справы гарадзенка Кася Будзько. Вырак над дачкой каментуе яе бацька Віталь Будзько:
– Як і чакалася, колькі запрасіў пракурор, столькі суддзя і дала. Мы жывем у нашай краіне, бачым, што наогул адбываецца, таму ніякіх асаблівых спадзеваў не было на нешта больш-менш мяккае. Недзе ў некага магчыма і цепліліся нейкія надзеі, але адбылося тое, што я і думаў. Зараз будзе апеляцыя і іншыя моманты па гэтай справе.
Нагадаем, што студэнтаў абвінавачвалі па частцы 1 артыкула 342 крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь і ўсе студэнты, апроч Глеба Фіцнера, які супрацаваў са следствам і прызнаў сваю віну, атрымалі па 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыма кожны.