Віталь Гуркоў: Мы заўжды знаходзімся ў стане выбару



“Хацеў бы яшчэ пажыць. Я жыцця гэтага яшчэ не бачыў”, – так дзевяціразовы чэмпіён свету па тайскім боксе адказаў на пытанне, што б ён хацеў яшчэ паспець у жыцці.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У вольную хвіліну паміж трэніроўкамі вядомы беларускі спартовец Віталь Гуркоў распавёў Беларускаму Радыё Рацыя, як ён паспявае займацца спортам, адначасова выступаць разам з гуртом “Brutto”, а таксама ці знаходзіць час на асабістае жыццё.

РР: Што для вас больш важна – гімнастыка розуму ці цела?

Віталь Гуркоў: Больш важна, напэўна, каб усе гэтыя рэчы працавалі па адзін бок, на адным і тым жа баку і каб гэта было гарманічна.

РР: Вось ужо два гады вы таксама выступаеце разам з гуртом „Brutto”, як вы ўсё паспяваеце?

Віталь Гуркоў: Ды я шмат чаго не паспяваю, я паспяваю толькі тое, што бачна. Ёсць шмат розных рэчаў, спраў па дому, па гаспадарцы, што хацелася б паспець зрабіць, але ж на гэта проста няма часу.

РР: А час на каханне знаходзіцца?

Віталь Гуркоў: Складанае пытанне, таксама не. “Мужчинам не до жизненных услад, когда враги кромсают плоть отчизны”, як у Цімура Муцураева было ў песні.

РР: Наколькі ў жыцці важная мэта?

Віталь Гуркоў: Мэта можа быць важная, можа быць не важная, але яна заўжды павінна быць. Мы заўжды знаходзімся ў нейкім стане выбару: так ці не, туды пайсці ці туды, а каторай пакласціся спаць, што з’есці, з кім сустракацца. Мы заўжды знаходзімся ў нейкім стане выбару – гэты штодзённы выбар робіцца ў залежнасці ад нашай мэты.

РР: Вы першы спартовец, які выступіў на беларускім тэлебачанні па-беларуску.

Віталь Гуркоў: Тады гэта яшчэ не было мэйнстрымам. Я пачаў размаўляць па-беларуску на тэлебачанні, пакуль гэта яшчэ не было мэйнстрымам.

РР: Што вас прымусіла гэта зрабіць?

Віталь Гуркоў: Ніхто не прымушаў, сам пачаў размаўляць, проста мне спадабалася. Быў час, было месца, вырашыў выкарыстаць гэтую сітуацыю, бо не так часта выступаеш па тэлебачанні.

РР: Што для вас больш важна – спорт ці выступы?

Віталь Гуркоў: Жыццё важна, хочацца жыць так, каб было цікава перш найперш. Калі так атрымліваецца, то вельмі прыемна.

РР: Што б вы хацелі паспець у жыцці. Можа ёсць нейкая няздзейсненая мара?

Віталь Гуркоў: Шмат чаго, хацеў бы яшчэ пажыць. Я жыцця гэтага яшчэ не бачыў.

Свой першы тытул чэмпіёна свету ў тайскім боксе Віталь Гуркоў атрымаў у 16-гадовым узросце, пасля чаго на працягу многіх гадоў не дазваляе нікому яго пераняць. Ад 2014-га года Віталь Гуркоў з’яўляецца таксама вакалістам гурта “Brutto”.

[Not a valid template]

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара