Віталь Гуркоў звольнены з Мінспорту, удзел у ЧС – пад пытаннем
Сусветна вядомы баец Віталь Гуркоў можа не паехаць на чэмпіянат свету, які стартуе 19 траўня ў Швецыі.
«Цікава, ці знойдуць грошы чыноўнікі з Федэрацыі на спартоўца, ад якога яны пазбавіліся праз яго музычную дзейнасць. Час ідзе, а яснасці няма. Або нам на канцэртах скрыначку паставіць з надпісам «Гуркову на чэмпіянат»?» – напісаў спартовец у Viber.
Нагадаем, што ў сакавіку гэтага года баец, які таксама займаецца музыкай, нечакана прапусціў некалькі гастроляў у складзе групы „Brutto”, вярнуўся на рынг і ўпэўнена перамог на чэмпіянаце Беларусі па муай-тай. Якраз на гэтых спаборніцтвах адбіралі ўдзельнікаў сусветнага першынства. Здавалася б, дзесяціразовы чэмпіён планеты і сусветная зорка муай-тай Віталь Гуркоў павінен быць адным з першых у спісе кандыдатаў на паездку ў Швецыю…
Як паведамляе Еўрарадыё, дзяржава, аказваецца, ужо не плаціць Заслужанаму майстру спорту заробак.
«Раней я быў на стаўцы ў Міністэрстве спорту. Штомесяц атрымліваў заробак, а да таго ж ведаў, што на мяне заўсёды ёсць фінансаванне. Але некаторыя сябры Беларускай федэрацыі муай-тай і кікбоксінгу выжылі мяне са штатнай каманды. Таму на мой выезд трэба шукаць дадатковыя грошы, і цяпер мая паездка на чэмпіянат – пад пытаннем. Фінансаванне дагэтуль не знайшлі. Хоць я ў добрай форме. Без пытанняў перамог на чэмпіянаце Беларусі», – кажа баец.
Нават падчас гастроляў Віталь Гуркоў працягвае трэніравальны працэс і праводзіць майстар-класы. “Калі я выходжу на рынг, значыць, я ўпэўнены, што знаходжуся ў належнай форме», – дадае ён.
У Беларускай Федэрацыі кікбоксінгу і тайскага боксу “рулявы” каманды Міхаіл Сцяпанаў патлумачыў, што ў алімпійскі год тайбаксёры маюць праблемы з фінансаваннем, таму вельмі ўважліва падыходзяць да пытання выбару ўдзельнікаў чэмпіянату свету.
«Мы адправім на чэмпіянат свету наймацнейшых. Віталь Гуркоў і трэніруецца, і спявае. Калі я ўбачу яго на зборах, стане ясна, ці ёсць сэнс везці яго на чэмпіянат свету. Мне не зусім спадабалася, як ён выступіў на чэмпіянаце Беларусі. Ён быў трохі мацнейшы за другі нумар каманды, але я не сказаў бы, што на галаву. Канчатковую пастанову будзе прымаць прэзідыум Федэрацыі», – сказаў трэнер Сцяпанаў.
Скандальную сітуацыю з выключэннем Гуркова са складу штатнай каманды тайбаксёраў трэнер тлумачыць асабістым выбарам байца і яго музычнай дзейнасцю ў гурце “Brutto”: “З ім была праведзеная размова: выбірай, спортам будзеш займацца ці музыкай. Ніхто яго не выжыў, ён пайшоў сам».
У Міністэрстве спорту паведамілі, што гэта пытанне толькі ў фінансах – атрымаецца знайсці для Гуркова грошы на чэмпіянат свету ці не атрымаецца.
Паводле euroradio.fm