Віталь Казак аштрафаваны на 255 рублёў



Суд Ленінскага раёна Берасця 25 сакавіка аштрафаваў на 10 базавых велічыняў (255 рублёў) мясцовага грамадскага актывіста Віталя Казака, прызнаўшы яго вінаватым на падставе арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).

15 сакавіка Казак прыйшоў па выкліку ў апорны пункт міліцыі. Пасля апытання актывіста даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе затрымалі і да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

18 сакавіка ў судзе Казак заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы і даванні адваката. Суддзя задаволіў іх і прызначыў наступнае пасяджэнне 25 сакавіка. Актывіста вызвалілі з-пад варты.

„Сёння суд аштрафаваў мяне за тое, што ўвечары 11 сакавіка ля агароджы будаўнічай пляцоўкі на праспекце Машэрава нібыта я перашкаджаў дворніку ЖЭСа прыбіраць прынесеныя мной туды раней кветкі і лампадкі, а таксама рабіў на яе маральны націск”, — заявіў Казак.

Паводле яго слоў, на гэтай жанчыне не было працоўнай камізэлькі, у яе адсутнічалі дакументы, якія пацвярджаюць, што яна работнік ЖЭСа, і на правядзенне работ па прыбіранні гэтых кветак і лампадак. „Я проста запытаўся ў гэтай жанчыны, на якой падставе яна прыбірае кветкі і лампадкі. Гэта не з’яўляецца правапарушэннем, і я буду абскарджваць неправамернае рашэнне суда”, — паведаміў актывіст.

11 сакавіка прыблізна ў 18.00 Казак прынёс кветкі, лампадкі і дакументальныя фатаграфіі пра Халакост да агароджы будаўнічай пляцоўкі, на якой знойдзенае пахаванне вязняў Берасцейскага гета. Прыблізна ў 22.00 яму паведамілі, што кветкі, лампадкі і здымкі збіраюцца прыбраць. Калі Казак прыехаў туды, яго затрымалі і даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе склалі пратакол паводле ч. 2 арт. 21.14 КаАП (парушэнне правілаў упарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). Актывіста аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (510 рублёў).

„Я лічу, што кветкі, лампадкі і памінальныя пліты не парушаюць упарадкаванне горада, і ўжо накіраваў адпаведную заяву ў Ленінскі РАУС”, — адзначыў Казак.

Паводле яго слоў, кветкі і лампадкі работнікі камунальнай службы перанеслі да помніка вязням гета, устаноўленага на скрыжаванні вуліц Дзяржынскага і Куйбышава. Дзе памінальныя пліты, невядома.

„24 лютага да гэтай жа агароджы будаўнічай пляцоўкі я прынёс 11 вянкоў з жалобнымі стужкамі. Іх таксама адтуль прыбралі і аднеслі да помніка вязням гета. Хоць я лічу, усё гэта павінна знаходзіцца побач з месцам выяўлення астанкаў расстраляных вязняў гета”, — падкрэсліў актывіст.

БелаПАН