Віталь Казак: Не маглі разабрацца ў фабуле абвінавачвання



Суда над берасцейскім грамадскім актывістам Віталём Казаком у чарговы раз не адбылося. Пра гэта паведаміла Марыяна Казак, жонка актывіста, у адмысловым прэс-рэлізе. Сам Віталь пацвердзіў яе словы, а таксама паведаміў, што ў гэты дзень вырашыў азнаёміцца з матэрыяламі справы.

Віталь Казак:

– Міліцыянеры не маглі разабрацца ў фабуле абвінавачвання. І таму пасля ранейшага накіравання на дапрацоўку ім прыйшлося тры разы змяніць пратакол. У пратаколе пачалі згадваць палітычныя справы, затым і тое, што я ў адрас прэзідэнта кепска выказваўся ў адносінах яго дэкрэту. Затым і трэці пратакол нарэшце замянілі. Прыбралі палітыку. Але пакінулі 9.11, відавочна тут маецца на ўвазе той самы дэкрэт, але не сталі пра яго пісаць.

Артыкул 9.11 КоАП РБ – “Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне друкаваных матэрыялаў, якія адносяцца да выбараў, рэферэндумаў”.

На разгляд судовай справы Віталь Казак запрашае ўсіх зацікаўленых, ад прадстаўнікоў СМІ, да грамадскіх актывістаў, палітыкаў і неабыякавых жыхароў гораду.

Пачатак разгляду справы 21 верасня ў 15:00.

Таксама актывіст паспрабуе правесці сустрэчу з чыноўнікамі, ужо ў 16:00, каб абмеркаваць умовы правядзення масавых мерапрыемстваў.

Дзеля гэтага ён накіраваў адпаведныя звароты да старшыні аблвыканкама і памочніка прэзідэнта па Берасцейскай вобласці.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.