Віталь Макаранка: Беларуская дыяспара ва Украіне скарачаецца
Беларусы ва Украіне працягваюць займацца валанцёрскай працай, каб наблізіць перамогу над агульным ворагам. Але беларуская дыяспара ва Львове значна скарацілася, кажа сябра партыі Беларускага Народнага Фронту, які атрымаў статус бежанца ва Украіне, Віталь Макаранка:
— З прыняццём гэтага дэкрэта, які не дае мажлівасці прадаўжаць пашпарты і г.д., шмат людзей з’ехала і з’едзе, бо калі канчаецца дакумент, трэба мець мажлівасць для легальнага існавання і выезда за мяжу, а ва Украіне яго прадоўжыць ужо ніяк немажліва.
– Па-шчырасці, я ведаю ўсё тое, што і астатнія, бо карыстаюся тымі ж самымі крыніцамі інфармацыі. Праўда, у мяне трохі лепшае інфармаванне, бо ёсць людзі, якія і ў ЗСУ служаць – родзічы, знаёмыя. Таму трохі больш інфармацыі адтрымліваю. Галоўнае не ўпадаць у адчай. Мы павінны разумець, што ў Расеі ў некалькі разоў большы патэнцыял – эканамічны, фінансавы і людскі, чым ва Украіны. Украіне эфектыўна дазваляе супрацьстаяць тое, што і праўда на яе баку, і што людзі змагаюцца за сваё. Не за акупацыю чыесьці зямлі, а бароняць сваё. І гэта вельмі мацуе Украіну. А ў матэрыяльна-тэхнічным плане, канешне, калі б заходні свет захацеў бы рашуча разабрацца з Пуціным, то разабраліся яшчэ ў мінулым годзе.
Паводле Віталя Макаранкі, на жаль, беларусаў ва Украіне становіцца ўсё менш і менш, але ён спадзяецца, што беларуская прысутнасць ва Львове і наогул ва Украіне захаваецца.
Беларускае Радыё Рацыя