Віталь Рымашэўскі: Адказнасць за алкагалізацыю насельніцтва нясе ўлада
Сустаршыня па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі распавядае, якія крокі павінна зрабіць дзяржава, каб зменшылася алкагалізацыя насельніцтва.
Днямі галоўны нарколаг Мінздароўя Іван Канаразаў прывёў жахлівыя лічбы. Ад алкаголю ў Беларусі гіне ў 30 разоў больш чалавек, чым ад наркотыкаў!
Віталь Рымашэўскі: Мы цягам апошніх двух гадоў уздымаем праблему дэаалкагалізацыі насельніцтва. Прааналізавалі досвед еўрапейскіх краін (і тут вельмі паказальны паспяховы досвед Фінляндыі) па пазбаўленні насельніцтва ад алкагольнай залежнасці, ведаем, якія там рабіліся крокі ў гэтым накірунку. А сённяшняя статыстыка ў Беларусі на самай справе жахлівая! Гэта наступствы палітыкі ўлады мэтанакіравана зарабляць грошы на продажы алкаголя. І эканамічная палітыка такая, і сацыяльна-палітычная.
РР: Якія крокі магла б зрабіць дзяржава, каб правесці дэалкагалізацыю насельніцтва?
Віталь Рымашэўскі: Найперш – абмежаванне продажу алкаголю і яго рэкламы. Сёння алкаголь навязваецца людзям. Калі вы зойдзеце ў любую краму, то ўбачыце гэта. Няхай бы гэтую прадукцыю вынеслі ў асобныя крамы, каб быў асобны уваход са сваім кантынгентам. Ёсць яшчэ шэраг простых мераў, якія б прынеслі свой плён, каб краіна пазбавілася нацыянальнай алкагольнай катастрофы.
РР: А нейкія стымулюючыя меры павінны быць?
Віталь Рымашэўскі: Безумоўна. У Беларусі ж нават не дзейнічаюць льготы па арэндзе памяшканняў тым арганізацыям, якія дапамагаюць людзям змагацца з алкагольнай залежнасцю. І гэта мы таксама патрабуем у сваіх зваротах да ўлады. Бо такія пытанні павінны разглядацца на ўзроўні ўраду. Патрэбна і іншая палітыка ў галіне сям’і, неабходна, каб СМІ (у першую чаргу – тэлебачанне) паказвалі іншае стаўленне да праблемы. Памятаеце трагедыю на Нямізе? Яна здарылася шмат у чым з-за масавага спайвання людзей падчас свята. Шалёная рэклама проста прапагандуе алкагольны лад жыцця. Калі ў краіне якое-небудзь свята, то гэта абавязкова масавыя папойкі. Можна ўзгадаць нават выбары, калі на выбарчыя ўчасткі народ заманьваюць таннай ці бясплатнай гарэлкай. Гэта нармальна?! Можна казаць, натуральна, што сёння ў беларусаў не хапае культуры піцця, маўляў, гэта традыцыя такая, але відавочна, што ўсю паўнату адказнасці за алкагалізацыю насельніцтва нясе дзейсная ўлада.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя