Віталь Рымашэўскі: Мы прымусілі ўлады прыслухацца да сваіх патрабаванняў



«Дэпутаты» прынялі ў першым чытанні папраўкі ў закон «Аб рэкламе». Міністр гандлю Валянцін Чаканаў паведаміў, што законапраект накіраваны на супрацьдзеянне размяшчэнню рэкламы алкаголю і тытунёвых вырабаў пад выглядам рэкламы іншых тавараў, арганізацый і грамадзян. Паводле яго слоў, гэта пасадзейнічае папярэджанню і пераадоленню алкагалізму і палення цыгарэт.

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі лічыць такое рашэнне перамогай кампаніі «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю», якая праходзіць у рамках праграмы «Народны кантроль»:

– Мы сабралі больш за 10 тысяч подпісаў і падалі іх у Палату прадстаўнікоў, Саўмін, ва ўсе міністэрствы, адказныя за нарматыўныя і прававыя акты, а таксама рэгуляванне продажу алкагольнай прадукцыі, у тым ліку там было патрабаванне забараніць ускосную рэкламу фірм, якія прадаюць алкаголь і  алкагольную прадукцыю. Быў шэраг іншых патрабаванняў, у прыватнасці – вынесці з агульных гандлёвых залаў алкагольную прадукцыю, абмежаваць продаж па часе і так далей.

Такім чынам грамадзяне прымусілі ўлады прыслухацца да сваіх патрабаванняў, – кажа Віталь Рымашэўскі. Але іншыя прапановы хрысціянскіх дэмакратаў у справе мераў супраць алкагалізацыі насельніцтва дэпутаты падтрымліваць пакуль не спяшаюцца.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org