Віталь Рымашэўскі: Непрыняццё мер Лукашэнкам толькі правакуе паніку



Беларускім уладам неабходна тэрмінова ўводзіць меры па супрацьдзеянню эпідэміі каронавіруса, па ўзору ўсіх краінаў, дзе гэты вірус быў выяўлены, — упэўнены сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Заявы кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, што страх перад эпідэміяй — гэта псіхоз, і людзі больш могуць пацярпець ад панікі, чым ад каронавіруса, не вытрымліваюць ніякай крытыкі і толькі гэтую паніку правакуюць.

– Зараз беларускія ўлады дзейнічаюць сваімі стандартнымі метадамі, яны проста хаваюць інфармацыю, сапраўдную статыстыку, ім ніхто не верыць. І вось такія паводзіны могуць справакаваць некантралюемую паніку ў бліжэйшай будучыні. Калі людзі стануць паміраць, калі інфармацыя стане даходзіць не праз афіцыйныя крыніцы інфармацыі, а праз знаёмых. Улады пацвярджаюць статыстыку захворванняў пасля таго, як гэта становіцца вядома толькі праз сацыяльныя сеткі. Напрыклад, калі людзі ў сацсетках кажуць, што тая, ці іншая група захварэла, улады ўжо даюць інфармацыю пра тое, што сапраўды колькасць захворванняў павялічылася.

І таму афіцыйныя лічбы захворванняў выклікаюць недавер. І такая палітыка ўладаў працягвае весці да дэвальвацыі даверу з усімі выцякаючымі наступствамі, — лічыць Віталь Рымашэўскі.

Беларускае Радыё Рацыя