Віталь Рымашэўскі: Ніякіх падставаў не было так брутальна затрымліваць Дашкевіча
Арганізатары Дня Волі ў Менску асуджаюць брутальнае і беспадстаўнае затрыманне падчас мерапрыемства былога лідара Маладога Фронту Змітра Дашкевіча.
Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, гэта было нават не затрыманне, а выкраданне людзьмі ў цывільным. І самае ганебнае, што гэта адбывалася на вачах у дзяцей. Да таго ж жонка Дашкевіча Наста цяжарная. Але ўсё гэта не спыніла супрацоўнікаў у цывільным. А пасля быў затрыманы і сам Віталь Рымашэўскі, які здымаў затрыманне на відэа.
– Гэта проста бязмежжа прававое, яно выходзіць увогуле за ўсялякія маральныя і чалавечыя рамкі. Таму што, гэта псіхалагічная траўма для дзяцей, для сям’я, якая гэта бачыць. Гэта было зроблена на дзіцячай пляцоўцы, там былі іншыя дзеці. Ніякіх падставаў так брутальна забіраць не было. І Зміцер Дашкевіч не здзейсніў увогуле ніякага адміністрацыйнага правапарушэння… Мяне таксама схапілі і везлі ў Цэнтральны РАУС, наколькі разумею, потым прыйшло паведамленне вярнуць, напэўна, вышэйшае кіраўніцтва сказала, што я адзін з арганізатараў.
Па словах Віталя Рымашэўскага, яго папярэдзілі, што калі ён працягне здымкі, то будзе зноў затрыманы.
А Зміцер Дашкевіч быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Прадстаўнікі дэмакратычных партыяў, праваабаронцы і журналісты з раніцы 25 сакавіка чакалі яго ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Але пакуль Дашкевіча не даставілі ў суд. Віталь Рымашэўскі не выключае, што міліцыя можа выкарыстаць права трымаць чалавека за кратамі на тэрмін да 3 сутак, да суду, як гэта раней было зроблена адносна Паўла Севярынца і некаторых іншых палітычных актывістаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота nn.by