Віталь Рымашэўскі: Няхай людзі пералічваюць грошы тым, каму давяраюць
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі выказаў сваё меркаванне адносна таго, што Міністэрства аховы здароўя адкрыла дабрачынны рахунак для дапамогі медустановам на фоне каранавіруса.
Паведамляецца, што сродкі, якія паступяць на рахунак, будуць размяркоўваць у адпаведнасці з патрэбай канкрэтных устаноў аховы здароўя.
Віталь Рымашэўскі: Асабіста я не давяраю Міністэрству па ахове здароўя, бо яно паказала недзеяздольнасць у абароне грамадзян. Не могуць нават забяспечыць элементарных мер па ахове людзей у паліклініках, бо там няма асобных чэргаў для хворых і для тых, хто прыйшоў за даведкай. Элементарныя правілы, якія можна было ўвесці ўжо даўно, але ж гэтага няма.
У паліклініках наадварот ствараюць умовы, каб людзі заражаліся адзін ад аднаго. Гэта злачыннае бяздзеянне. Таму, калі няма даверу да Міністэрства па ахове здароўя, то як можна ім давяраць грошы? Калі ў некага ёсць жаданне дапамагчы, то сродкі трэба накіроўваць адрасна, тым, каму гэта патрэбна. І праз тыя арганізацыі, якія даказалі сваю некарумпаванасць і празрыстасць у справаздачах.
А Міністэрства аховы здароўя, дзесяткі чалавек якога не так даўно судзілі менавіта за хабарніцтва і карупцыю, ні ў якім разе да такой арганізацыі немагчыма аднесці.
РР: Але медыцынскае ведамства заявіла, што гэта не іх ініцыятыва аб адкрыцці такога рахунка, маўляў, грамадства папрасіла…
Віталь Рымашэўскі: Вось няхай грамада і збірае грошы на адмысловы рахункак, і кантралюе, куды яны канкрэтна пойдуць. Але ж, наколькі я зразумеў, менавіта Містэрства аховы здароўя збіраецца распараджацца грашыма, якія будуць збірацца. Хаця ў той жа час заяўляюць, што ў іх усё ў парадку з фінансаваннем. Няхай людзі пералічваюць грошы тым, каму давяраюць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя