Віталь Рымашэўскі: Што рабіць з паламанымі лёсамі?



Сустаршыня па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі адзначае, што дзяржава па-ранейшаму падтрымлівае алкагалізацыю насельніцтва.

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі (Фота svaboda.org)

У дні, калі ў школах святкавалі “апошнія званкі”, у Менску забаранілі продаж алкагольным напоеў. Здаецца, улады клапоцяцца пра здаровы лад жыцця. У той жа час стала вядома, што сярод дзесяці буйнейшых падаткаплацельшчыкаў сталіцы – два вытворцы алкаголя і адзін табака.

Віталь Рымашэўскі: Забарона на продаж алкаголю падчас школьных святаў – гэта справа патрэбная, яна дае плён. Маладыя людзі ў такія дні нярэдка прымаюць у кампаніі абсалютна спантанныя рашэнні, улічваючы, што большасць нашых падлеткаў паспрабавалі алкаголь яшчэ да выпускнога вечара. І гэтаму спрыяе ўся атмасфера, створаная дзяржавай. Тут вам і рэклама на тэлебачанні, і ў крамах бутэлькі з алкаголем – ледзь не на першых шэрагах. Гэта пастсавецкая традыцыя – шмат піць алкаголю. А культура піцця ў большасці абсалютна адсутнічае. Таму абмежавальныя меры дазваляюць зменшыць празмернае ўжыванне алкаголю падлектамі.

РР: Ці вырашаюць гэтыя разавыя меры пытанне алкагалізацыі насельніцтва?

Віталь Рымашэўскі: Натуральна, што прынцыпова не вырашаюць. Тым больш, што палітыка на спойванне народа працягваецца. Вядомы нават факты, калі гіпермаркетам даводзіліся нормы па продажу алкаголю, які вырабляюць беларускія прадпрыемствы. Можа быць, тут і пераследуюцца эканамічныя мэты, але што рабіць з паламанымі лёсамі людзей і паламанымі сем’ямі праз гэтую алкагалізацыю?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя