Віталь Рымашэўскі: Татальна аглядалі кожную машыну
«Татальны шмон на беларускай мяжы». „Зялёнага” калiдору для грамадзян Беларусi па-сутнасцi больш няма. Мытнiкi даглядаюць кожную машыну, у пошуках лiшняга паўлітра алкаголю. Адпаведна, ствараюцца чэргi. «Вiдаць, якасць працы мытнi зараз будзе вымярацца у лiтрах – па колькасцi аджатых бутэлек у перасякаючых мяжу”, – так сваё перасячэнне літоўска-беларускай мяжы ахарактарызаваў у фэйсбуку сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
Ён разам з калегамі вяртаўся з Балтыйскай Паўночнай Рады ў Вільні:
– Быў татальны агляд. Мы ехалі на мяжы разам з маімі калегамі, у праватнасці, з Аляксеем Янукевічам, і ехалі па „зялёным калідоры”, таму што не было ніякага тавару, але на „зялёны калідор” чарга была нашмат большая, чым на “чырвоны”, таму што ў кожнай машыне быў ператрус. Не толькі ў нас, але і ва ўсёй чарзе без выключэння, з адмысловымі сабакамі. У людзей пералічвалі кожныя сто грамаў алкагольнай прадукцыі, у кожнай машыне без выключэння. Досыць вялікая чарга сабралася, улічваючы, што сёння такі дзень не “пікавы”, мала хто ў такі час едзе праз мяжу, мы ехалі рана.
Паводле Віталя Рымашэўскага, ён быў сведкам размовы памежніка і мытніка, падчас якой памежнік запытаўся “навошта ствараюцца чэргі”, на што мытнік адказаў, што так працаваць ім загадала начальства.
Пра падобныя выпадкі з праверкамі мытнікаў на «зялёным канале» нашыя слухачы паведамляюць і з памежнага пункта пропуску «Брузгі». Парушальнікам, пагражае штраф ад 5 да 30 базавых з канфіскацыяй тавара, які перавозіцца звыш нормы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя