Віталь Рымашэўскі: У барацьбе з алкагалізмам нам патрэбен шведскі досвед



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі распавёў пра тое, як у краіне можна праводзіць антыалкагольную палітыку без страт для бюджэта.

 

Днямі беларускі кіраўнік запатрабаваў узмацніць манаполію на вытворчасць і продаж алкаголю, бо “дадзены прадукт з’яўляецца сур’ёзнай падмогай для нашага бюджэту”. У той жа час ён заклікаў, каб “адказныя за развіццё алкагольнай галіны закранулі і пытанне наступстваў».

Віталь Рымашэўскі: Па гэтай тэме мы працуем з рознымі дзяржаўнымі ведамствамі, і са свайго досведу працы магу сказаць, што некаторыя не вельмі ахвотна ідуць на супрацоўніцтва. Напрыклад, мы запрашалі на “круглыя сталы”, каб абмеркаваць змену алкагольнага заканадаўства, розных чыноўнікаў, але сутыкнуліся з апазіцыяй толькі з боку Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання. Па сутнасці, усе астатнія ведамствы – МУС, Міністэрства працы, Міністэрства аховы здароўя – падтрымліваюць нашы прапановы, бо добра ведаюць, якія наступствы для грамадства ад алкагалізму. Праблема відавочная, і яна жахлівая. Але аргументы Міністэрства гандлю такія – вельмі важна, каб у бюджэт ад продажу алкаголю паступалі хуткія грошы. І гэты аргумент, відаць, з’яўляецца дастатковым для ўлады.

РР: Беларускі кіраўнік запатрабаваў узмацніць манаполію на вытворчасць і продаж алкаголю…

Віталь Рымашэўскі: Я лічу, што манаполія дзяржавы не толькі на вытворчасць, але і на продаж алкаголю магла б быць выйсцем з сітуацыі. Гэта, дарэчы, якраз наша прапанова. Манаполію на продаж алкаголю маюць скандынаўскімя краіны, і калі да праблемы падыйсці разумна, то гэта якраз магло б зрабіць продаж алкаголю без страт для дзяржаўнага бюджэта. Гэта варыянт для беларускага ўрада, але тут шмат яшчэ іншых пытанняў неабходна вырашаць: прафілактыкі, прыняцця законаў, якія б спрыялі арганізацыям, што праводзяць антыалкагольныя кампаніі. Мала што зроблена па змяншэнні алкагольнай рэкламы. Чыноўнікі кажуць, што трэба нешта змяняць, але ж пытанне не рухаецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя