Віталь Рымашэўскі: Улады баяцца свайго ўласнага народу (абноўлена)



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі абвяргае затрыманне свайго паплечніка, сустаршыні БХД Паўла Севярынца.

Паведамленне пра затрыманне палітыка разам з затрыманнямі арганізатараў несанкцыянавага шэсця ў Дзень Волі з’явілася ў некаторых СМІ, кажа Віталь Рымашэўскі:

– Па Паўлу Севярынцу пакуль ніякай пэўнасці няма. Ён не збіраўся ўдзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Мы спадзяемся, што ён усё ж такі будзе на свабодзе да 25-га. З ім ёсць сувязь, мы абмяркоўвалі з Паўлам літаральна дзве гадзіны таму, каб ён не ішоў на акцыю. Звычайна ён арганізуе „Сэлфі незалежнасці”. Сёння як раз абмяркоўвалі, каб ён гэтага не рабіў, бо ў яго цяжарная жонка, як вы ведаеце. Яны мусяць ехаць у раддом цягам бліжэйшых двух дзён, таму ён не збіраўся на несанкцыянаваныя акцыі пратэсту.

„Прэвентыўныя затрыманні прыхільнікаў і арганізатараў несанкцыянавага шэсця ў Дзень Волі Уладзіміра Някляева, Вячаслава Сіўчыка і Максіма Вінярскага паказваюць, што беларускія ўлады найбольш баяцца ні Расеі ці Захаду, а свайго ўласнага беларускага народу”, – кажа сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Ён звяртае ўвагу на тое, што затрыманні накіраваныя не толькі на ўдзельнікаў шэсця, але і на тых, хто збіраецца прыйсці на святкаванне Дня Волі да Опернага тэатра:

– Дзеянне накіравана на тое, каб як мага менш людзей паўдзельнічала ў адзначэнні. Таксама прэвентыўныя затрыманні накіраваныя, я перакананы, не толькі на тых, хто збіраўся прыходзіць на несанкцыянаванае шэсце, я думаю, што такіх людзей не было б шмат, можа сотня-дзве, але і на тых людзей, што збіраюцца каля Опернага тэатра на цалкам дазволены мітынг-канцэрт. Людзі чытаюць пра затрыманні ў сацыяльных сетках, у незалежных медыя, яны думаюць, ці варта гэта рабіць, бо баяцца правакацый з боку беларускіх уладаў.

Кіраўніцтва Вышэйшых навучальных устаноў таксама далучылася да кампаніі па дэскрэдытацыі Дня Волі і заклікае сваіх студэнтаў не ўдзельнічаць у святкаванні 100-годдзя БНР, кажа Віталь Рымашэўскі:

– Таксама адбываецца кампанія па дэскрэдытацыі Дня Волі ў менскіх ВНУ і навучальных установах. Заняткі пераносяцца на 25 сакавіка, каб навучэнцы не змаглі прыйсці на дазволенае свята каля Опернага тэатра. Ва ўніверсітэце культуры праводзяцца заняткі, якія нават па назве сваёй носяць дэскрэдытацыйны характар.

Напярэдадні пра БНР выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэта сумная старонка беларускай гісторыі і ганарыцца гэтай падзеяй ня трэба.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя