Віталь Рымашэўскі: Усё гэта вельмі сур’ёзна кампраметуе праваслаўную царкву
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) Віталь Рымашэўскі распавядае, як можна ацаніць тое, што праваслаўныя святары ладзяць фестываль на “Лініі Сталіна”.
У ліпені пад Заслаўем адбудзецца фестываль праваслаўнай моладзі. З блаславення мітрапаліта Паўла імпрэзы пройдуць на тэрыторыі «Лініі Сталіна». Праваслаўных святароў не бянтэжыць помнік Сталіну на тэрыторыі комплексу, а таксама тое, што гэтыя ўмацаванні ўзводзілі вязні Гулагу, а пасля вайны ў некаторых закінутых дотах расстрэльвалі ахвяр сталінізму, пішуць naviny.by.
Віталь Рымашэўскі: Я б хацеў звярнуцца да ўсіх людзей, якія абсалютна слушна заўважылі бервяно ў воку праваслаўнай царквы, і сказаць, што ў хрысціянства ёсць вядомая рэч: грэх унутры царквы – гэта не грэх царквы. Гэта грэх супраць царквы. І тое, што зараз будзе адбывацца хросны ход да “Лініі Сталіна” – ён найперш наносіць удар і кампраметуе саму праваслаўную царкву. Хаця адказнасць за яго нясуць персанальна канкрэтныя людзі, якія ўжо называліся ў прэсе.
РР: Ці магла б адбыцца такая праява пры мітрапаліце Філарэце?
Віталь Рымашэўскі: Думаю, пры мітрапаліце Філарэце падобныя рэчы былі б немагчымымі, хоць дэмакратычная супольнасць даволі шмат і яго ганьбіла. Але зноў-такі звяртаюся да ўсіх людзей, якія хочуць мяне пачуць – не спяшайцеся ставіць крыж на праваслаўнай царкве. Безумоўна, тое, што зараз адбываецца, – гэта жахлівая рэч! Кажу, як вернік менавіта гэтай царквы, і прыношу свае прабачэнні. Але, падкрэсліваю, хросны ход да “Лініі Сталіна” – учынак супраць царквы.
РР: Чаму Сталін сёння ізноў, што называецца, ажывае? І ў Расеі, і ў Беларусі…
Віталь Рымашэўскі: Культ Сталіна не сёння ўзнік. І пасля развалу Саюза гэтая плынь была досыць моцная, яна цеплілася і жыла. Ментальнасць у людзей такая, што культ дыктатараў заўсёды падтрымліваецца – ці то Сталіна, ці то Пуціна, ці то некага яшчэ… Мы не змянілі ні свае сэрцы, ні свае думкі. Калі кожны прааналізуе свае паводзіны, то таксама можа заўважыць у сабе нешта рабскае і таталітарнае. Паверце, нярэдка тыя людзі, якія сёння выступаюць супраць Лукашэнкі, прагнуць такога ж самага Лукашэнку, але іншага. Напрыклад, такога, які прыйдзе і прымусіць усіх вывучыць беларускую мову альбо павярнуцца ўсіх да Еўропы, куды ўсе разам роўнымі шэрагамі і пойдуць. Гэта і ёсць нашае таталітарнае мысленне, частка нашай ментальнасці. Гэта трэба разумець і паступова выпраўляць. Культ Сталіна ўзнікае менавіта на такіх рэчах.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя