Віталь Сямашка: Абяскроўленая практычна ўся незалежная журналістыка
За кратамі ў Беларусі ўжо 33 журналісты. Пра рэпрэсіі супраць прэсы разважае госць Рацыі, журналіст з амаль саракагадовым стажам Віталь Сямашка.
РР: Вам у сваім жыцці давялося папрацаваць і на легендарнай “Беларускай маладзёжнай”, і на тэлебачанні, тэлепраграма “Крок”, у тым ліку і на “Радыё Свабода”. І зараз вось насталі такія часы, калі шмат з вашых калег апынуліся за кратамі.
Віталь Сямашка: Вайна супраць журналістаў, якая вядзецца дзесяцігоддзі ў Беларусі за ўвесь гэты час праўлення Аляксандра Лукашэнкі – гэта рэч ні для каго не дзіўная. Але, канешне, такога ўзроўню і такога аб’ёму рэпрэсій, якія цягам некалькіх дзён адразу наступілі, такога нават у гісторыі таталітарнай Беларусі не было. І гэта кажа пра тое, што акцыя была арганізаваная і запланаваная даўно, бо журналісты былі арыштаваныя не толькі ў Менску, але і ва ўсіх рэгіёнах. То бок гэта рэзка і аператыўна не магло адбыцца, гэта ж абсалютна ясна. І ўсе мы выказваем спачуванні і родным несправядліва зняволеным нашых калег. Прычым, абвінавачванні стандартныя, яны гучаць смяхотна – арганізацыя пратэстаў, беспарадкаў і г.д.
Журналісты ў прынцыпе па сваёй сутнасці не могуць быць адначасова арганізатарамі і палітычнымі дзеячамі. Таму што ў нас зусім іншая задача і іншая роля, і іншая функцыя. І гэтыя абвінавачанні па сутнасці не могуць быць такімі. Таму гэта дастаткова несправядліва і сумна ўсё гэта гучыць.
РР: Вы шмат каго ведаеце асабіста, асабліва з Радыё Свабоды – і Валянціна Жданко, і Алега Груздзіловіча, Іну Студзінскую…
Віталь Сямашка: Майго аднакурсніка Валянціна Жданко я ведаю асабіста. Мы былі разам на факультэце журналістыкі. І пасля мы шмат сустракаліся, калі ён быў у “Звяздзе”. Ён жа спачатку ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі працаваў, а пасля ўжо на Радыё Свабода. Іна Студзінская – гэта мая калега па радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”. Якая яна тэрарыстка, Госпадзі? Усе, хто ведаюць гэтую на выгляд кволую дзяўчыну, якая тым не менш заўжды мела байцоўскі характар, і тыя абвінавачванні… Гэта, канешне, ні ў якую браму не лезе.
РР: Людзі моцныя, яны здольныя вытрымаць гэты неверагодны ціск?
Віталь Сямашка: Гэтыя людзі здольныя, і вы абсалютна правільна сказалі, што ціск неверагодны. Ён неверагодны. Я вось са многімі калегамі і па “Беларускай асацыяцыі журналістаў” размаўляў, і ў прынцыпе ні ў каго нават у галаву і свядомасць не ўкладаецца, навошта гэта. І самае галоўнае – а што пасля? Вось, што пасля? Абяскроўленая практычна ўся незалежная журналістыка ў Беларусі. Гэта ж дзясяткі людзей, і лепшых людзей. А што пасля? Якая мэта?
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя