Віталь Вановіч: У наш мікрараён аўтобусы не ездзяць
Да жыхароў гарадзенскага мікрараёну Ласосна-4 грамадскі транспарт не ездзіць, бо няма нармалёвай дарогі, крамы не будуюць, бо няма пад’езду да іх з-за той жа дарогі. Амаль паўгода таму была створана петыцыя да гарадскіх уладаў, але гэтая петыцыя нічога не змяніла.
Як жывецца ў такіх умовах, распавядае адзін са складальнікаў петыцыі, грамадскі актывіст Віталь Вановіч:
– Быў адказ з Упраўлення капітальнага будаўніцтва Гарадзенскага аблвыканкама пра тое, што будаўніцтва дарогі будзе ўключана ў праграму ўпарадкавання, і калі будуць сродкі, будзе выканана, калі знойдзецца інвестар.
На думку Віталя Вановіча, актывісты ўжо згубілі ўсялякую надзею:
– Два адказы было пра тое, што пасля паседжання, на якім будзе прымацца рашэнне, уключаць ці не ўключаць у праграму ўпарадкавання. Ніякага афіцыйнага адказу не было пасля гэтага. Трэба даведацца, што за рашэнне было прынятае. Гэта павінна было быць у студзені 2019 года. Калі ўсё ж такі адказ адмоўны, то я, напрыклад, не ведаю, што рабіць. Можна далей працягваць пісаць і нейкія больш грунтоўныя довады прыводзіць.
Жыхары Ласосна-4 спадзяюцца, што нешта зменіцца пасля зваротаў на “гарачую лінію” да кіраўніка горада Мечыслава Гоя, а таксама збіраюцца паўторна звяртацца да кіраўніцтва горада і вобласці.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня