Віталія Навумік: Адзіная сувязь з мужам праз лісты



Жонка затрыманага 29 траўня ў Гародні разам з Сяргеем Ціханоўскім Уладзіміра Навуміка – Віталія Навумік пачала атрымліваць ад мужа лісты, якія прыйшлі ўсе разам у адзін дзень.

Для Віталіі – гэта адзіны спосаб сувязі з затрыманым мужам.

– Ён не разумее, чаму ён там апынуўся. Бо яго сукамернікі хаця б ведаюць, за што яны там і чаму. А ён сядзіць і не разумее. Ён кажа, што ён не вінаваты ў тым, у чым яго абвінавачваюць і падазраюць. Піша, што кормяць добра, нават сам не чакаў. Боршч давалі смачны. У панядзелак у іх душ. Кожны дзень гуляюць, хтосьці адціскаецца, а ён чытае кнігі.

Па словах Віталіі, вельмі перажывае за бацьку маленькая пяцігадовая дачка:

– Пытаецца іншы раз, калі тата прыедзе. Ён, гаворыць, відаць, шмат грошай заробіць у камандзіроўцы. Я адказваю – так. Яна думае, што ён у камандзіроўцы. Хачу сказаць, што яна нешта падазрае. Бо яна пытаецца, чаму ён не тэлефануе, калі ён у камандзіроўцы. Там што, няма тэлефонаў? З яго бацькам мы заўсёды на тэлефоне. У яго толькі бацька, мама памерла. Я заўсёды тэлефаную, пытаюся, як у яго справы. І ён мне тэлефануе. Мы заўсёды на сувязі.

Па словах Віталіі Навумік, лісты – гэта адзіная магчымасць кантакта з мужам, аднак у бліжэйшыя дні будзе заключана дамова з адвакатам, і праз яго Віталія спадзяецца атрымліваць больш інфармацыі пра стан мужа і хаду яго справы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча