Віталя Рымашэўскага будуць судзіць за бабруйскі „марш недармаедаў”
Сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага будуць судзіць за ўдзел у бабруйскім „маршы недармаедаў”. Як паведамляе прэс-служба БХД, пасяджэнне ў судзе Менскага раёна прызначана на 12 красавіка.
Гэта ўжо чацвёрты суд у дачыненні да Рымашэўскага ў сувязі з яго удзелам у акцыях пратэсту ў апошні час. Так, 4 і 5 красавіка палітык быў аштрафаваны на 1.035 і 1.150 рублёў за ўдзел у „маршы раззлаваных беларусаў” у Менску 17 лютага і ў акцыі па абароне Курапатаў 24 лютага адпаведна. З 11 сакавіка Рымашэўскі адбываў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі 10 сакавіка ў Маладэчне.
„Марш недармаедаў” 26 лютага ў Бабруйску сабраў каля тысячы ўдзельнікаў. У выніковай рэзалюцыі яны запатрабавалі ад уладаў адмяніць дэкрэт № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і не дапусціць страты незалежнасці Беларусі.