Вітаўт Парфёненка будзе дамагадцца акрэдытацыі праз суд
Сябра БАЖ з Гародні, незалежны журналіст Вітаўт Парфёненка працягвае змаганне за права на працу журналістам. 7 заяваў у Міністэрства замежных спраў з просьбай акрэдытаваць яго былі адхіленыя. Цяпер прыватную скаргу на адмову ў акрэдытацыі МЗС будзе разглядаць Менскі гарадскі суд. Паседжанне адбудзецца 19 студзеня.
Гаворыць Вітаўт Парфёненка:
– Дзіўная стабільнасць з боку Міністэрства замежных спраў. Яна вымагае рэакцыі праз судовую сістэму, канешне, калі яна ў нас справядлівая. Паспрабую давесці справу да лагічнага развязання і спадзяюся, што я атрымаю ўсё ж такі акрэдытацыю, нават калі давядзецца восьмы ці дзявяты раз падаваць заяву, але я буду падаваць. Хацелася б каб нейкі зрух быў наперад, таму што пакуль што для мяне, як для кандыдата на акрэдытацыю, увесь час такое адчуванне, што дзверы зачыненыя для мяне, як для журналіста замежнага сродку масавай інфармацыі.
Па словах Парфёненкі, ён хоча давесці справу аб адмове ў акрэдытацыі да лагічнага завяршэння, калі не ўдасца гэта праз беларускі суд здзейсніць – то будзе рабіць гэта праз Камітэт па правах чалавека ААН.
Беларускае Радыё Рацыя