Вітаўт Руднік: Навучылі сотні людзей праз анлайн



Віктар Руднік з гарадзенскай грамадскай арганізацыі “Цэнтр “трэці Сектар” лічыць,  што падчас пандэміі  праз анлайн-праграмы іх арганізацыі атрымала веды вялікая колькасць жадаючых. 

– З сакавіка перайшлі фактычна ў рэжым анлайн-навучання. Прычым перавялі ўсе нашыя праграмы, пачынаючы ад Універсітэту залатога веку, дзе за два тыдні мы фактычна падрыхтавалі выкладчыкаў да працы ў фармаце анлайн, студэнтаў падрыхтавалі да такой працы, і заканчваючы праграмамі для моладзі. За гэты час у нас скончылася праца сёлетняга набору ў Школу сучаснай журналістыкі. У такім фармаце мы таксма скончылі працу Школы медыяпісьменнасці для падлеткаў. Вялі яшчэ такі курс па развіцці прадпрымальніцкіх ініцыятыў моладзі.

На думку Вітаўта Рудніка, анлайн-навучанне не было цяжкім нават для людзей сталага ўзросту:

– Не так цяжка, як мы чакалі. Вельмі хутка выкладчыкі падрыхтавалі свае заняткі. Мы паказалі, якія платформы можна выкарыстоўваць, якія метады. І дзякуючфы таму, што ва ўніверсітэце кампутарныя курсы былі, вялікая колькасць людзей авалодала базавымі рэчамі, неабходнымі для таго, каб вучыцца дыстанцыйна. І мы стараліся зрабіць такія навучанні праз максімальна просты інструмент, каб людзям дастаткова было націснуць на спасылку і яны, умоўна кажучы, ужо ў эфіры.

Па словах Вітаўта Рудніка, у перспектыве гарадзенцы плануюць нават стварыць анлайн Універсітэт залатога веку, дзе будуць навучаць сталых людзей.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня