Вітаўта Сіўчыка не змаглі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці



У чацвер журналіста нашага радыё Вітаўта Сіўчыка, які таксама працуе на тэлеканале «Белсат», спрабавалі асудзіць у Барысаўскім раённым судзе.

Нашага калегу намагаліся пакараць за сюжэт пра жахлівыя ўмовы жыцця ў барысаўскіх бараках, які выйшаў на «Белсаце» 19 лютага.

Суддзя Болатаў прыслаў мэйл кіраўніцтву «Белсата» ў Варшаве за дзень да пасяджэння. А начальнік Барысаўскага РАУС палкоўнік Дзяніс Ліннік чамусьці выслаў падобнае паведамленне з далучанай копіяй пратакола, падпісанага маёрам Сяргеем Акімовічам. Па незразумелай прычыне, гэтыя паперы прыйшлі па пошце маім бацькам – у кватэру, дзе я не пражываю і не прапісаны, таксама за дзень да пасяджэння.

Журналіста хацелі прыцягнуць да адказнасці па артыкуле 22.9 КаАП – «незаконны выраб прадукцыі медыя». У пратаколе, між іншым, сцвердзілі, што Вітаўт Сіўчык адмовіўся ад яго падпісання.

– Гэта чыстая хлусня. 11 красавіка, у дзень складання пратакола, я знаходзіўся за мяжой. Зрэшты, ні раней, ні пазней са мной ніхто не звязваўся. Таму я накіраваў у суд тэрміновае хадайніцтва аб прыпыненні адміністрацыйнага пераследу, на падставе таго, пратакол мае прыкметы фальсіфікацыі, а міліцыянты не паінфармавалі мяне пра справу.

Суддзя прыняў рашэнне адправіць справу назад у Барысаўскае РАУС для «ліквідацыі недахопаў». Чацвер 18 красавіка быў апошнім днём, калі нашага калегу маглі асудзіць. Ад сёння, па сканчэнні 2 месяцаў ад выхаду сюжэту ў эфір, справа лічыцца пратэрмінавай.

Беларускае Радыё Рацыя