Віцэ-прэм’ер сустрэўся з актывістамі кампаніі „Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”
Першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка сустрэўся з прадстаўнікамі грамадскай кампаніі „Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”. Яе праводзіць ствараная партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.
Паводле Вольгі Кавальковай з БХД, якая непасрэдна кіруе кампаніяй, чыноўніку перадалі зварот, падпісаны некалькімі тысячамі грамадзян Беларусі.
Вольга Кавальнова:
– Зварот прадугледжвае заканадаўчыя прапановы ў галіне дэалкагалізацыі насельніцтва і змену заканадаўства, якое рэгулюе продаж і рэалізацыю алкагольнай прадукцыі. Была такая дыскусія пра тое, якія шляхі магчымыя для таго, каб усё ж такі Беларусь не была ў лідарах па гэтай праблеме ў свеце. Ён даручыў разгляд нашай прапановы міністру аховы здароўя Жарко, міністру унутраных спраў Шуневічу і міністру гандлю.
Уладзімір Сямашка падтрымаў ініцыятыву грамадзян, хоць і крыху скептычна паставіўся да сцвярджэнняў, што Беларусь займае першае месца ў свеце па спажыванню алкаголю на душу насельніцтва. А такія звесткі за мінулы год прадставіла Сусветная арганізацыя аховы здароўя.
* * *
Амаль 10 тысяч подпісаў сабрана пад зваротам супраць алкагалізацыі насельніцтва. Збор ажыццяўляла ствараная партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.
Сам зварот перадалі першаму намесніку кіраўніка ўрада Уладзіміру Сямашку. Паводле аднаго з лідараў партыі Віталя Рымашэўскага, уладам варта звярнуцца да досведу іншых краін:
– Напрыклад, такія элементарныя рэчы, якія не патрабуюць вялікіх фінансавых затрат, як поўная забарона рэкламы фірм, якія выпускаюць алкаголь. Сёння брэнды рэкламуюцца ў Менску і самая папулярная рэклама – гэта рэклама назвы гарэлкі. Тое ж самае можна сказаць пра продаж алкагольных напояў у крамах. Мы прапануем, патрабуем вынесці алкагольныя напоі ў асобныя аддзелы, асобныя крамы і забараніць іх прадаваць побач з безалкагольнымі напоямі, якія набываюць дзеці.
Прапануецца таксама дазволіць бясплатную арэнду памяшканняў арганізацыям ананімных алкаголікаў. Паводле Віталя Рымашэўскага, адчуваецца, што ўлада стаіць перад няпростым для яе выбарам: здароўе нацыі, ці звышпрыбыткі ад рэалізацыі алкаголю.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота pda.government.by