Віцэ-прэм’ер: З верасня дзеці павінны вучыцца па абноўленых падручніках



„1 верасня дзеці павінны вучыцца па абноўленым праграмах і падручніках”, — заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка 6 лютага, ставячы задачы па развіцці агульнаадукацыйнай школы на выніковым пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі.

 

Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што найбліжэйшым часам вельмі важна вырашыць задачы павышэння якасці падрыхтоўкі навучэнцаў па дысцыплінах натуральна-матэматычнага цыкла, замежных мовах, пераемнасці і ўзаемаўвязкі навучальных праграм і падручнікаў, адзначае прэс-служба ўрада. Паводле слоў Петрышэнкі, трэба зрабіць падручнікі больш простымі для ўспрымання, павысіць эфектыўнасць арганізацыі шостага школьнага дня.

Намеснік прэм’ер-міністра адзначыў, што гэтую працу неабходна завяршыць да новага навучальнага года.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка 1 лютага, заслухоўваючы даклад аб перспектывах развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, раскрытыкаваў змест школьных і ўніверсітэцкіх праграм.

Паводле яго слоў, ён бачыць усе недахопы школьнай праграмы, бо яму даводзіцца сутыкацца з ёй кожны дзень. „Падобна на тое, што матэматыкаў адных толькі рыхтуем, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Давайце казаць адкрыта, не хачу быць рэтраградам: нам, напэўна, менш за ўсё ў краіне трэба матэматыкаў. Паняцці ў матэматыцы [у школьнікаў] павінны быць, таму што мы ў жыцці заўсёды сутыкаемся з матэматыкай. Але ў вялікіх матэматыках патрэба меншая за ўсё”.

„У школе матэматыку пачынаем выкладаць так, што адпужваем дзяцей ад гэтай матэматыкі, ад вучобы. Я не хачу, каб матэматыкі пакрыўдзіліся на мае развагі, я нічога дрэннага пра іх не сказаў. Але яшчэ раз паўтараю: матэматык — гэта рэдкасць. Давайце рыхтаваць матэматыкаў дзесьці на факультатыве, але ў асноўным у ВНУ. А мы пачынаем універсітэцкія праграмы перакідваць ў школу. Навошта вы гэта робіце?” — пацікавіўся Лукашэнка.

У якасці іншага прыкладу ён прывёў біялогію. „Нядаўна я паглядзеў, як у восьмым класе вывучаюць біялогію: слухайце, паўкурса — чарвякі! — абурыўся Лукашэнка. — Будова, жыццядзейнасць і што трэба зрабіць чарвяку, каб ён быў паразітам. Ну, адкажыце мне на гэтае пытанне… Ладна, для прасунутых хай будзе. Так, трэба ведаць пра гэтую істоту, але навошта яе скрупулёзна вывучаць? Калі ты будучы біёлаг, калі біялогію ўзяў за аснову, так, гэта трэба. Але колькі такіх у нас? Вось у чым праблема”.

На думку Лукашэнкі, падручнікі неабходна абнаўляць ў адпаведнасці з новымі праграмамі, бо „гэта ікона, гэта святое”.

belapan.by