Віцэ-старшыню Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяну Нядбай выклікаюць на допыт у СК



 Следчы камітэт выклікае 3 сакавіка на допыт намесніцу старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяну Нядбай.

„Складана сказаць, што насамрэч з’яўляецца прычынай увагі, — цытуе Нядбай тэлеграм-канал арганізацыі. — Калі я добра разумею, цікавіць маё мінулае месца працы — „Прэс-клуб”, з якім я супрацоўнічала да 2017 года. Допыт прызначаны на 3 сакавіка а 11-й гадзіне, збіраюся ісці з адвакатам”.

„Прапаную сачыць за сітуацыяй, таму што сёння нярэдкія выпадкі, калі людзі заходзяць на допыт у адным статусе, а выходзяць (ці не) у іншым. Ёсць дакладнае разуменне, што мы не робім і не рабілі нічога кепскага, дзейнічаем выключна ў інтарэсах сваёй краіны і зробленым можам ганарыцца”, — адзначыла намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра.

Нядбай узначальвала Беларускі ПЭН-цэнтр з восені 2017 года да восені 2019-га, калі на чарговым з’езде аб’яднання дэлегаты абралі кіраўніцай Святлану Алексіевіч. Да ўваходжання ў склад кіраўнікоў ПЭН-цэнтра была каардынатарам „Прэс-клуба Беларусь”.

22 снежня 2020 года ў офісе „Прэс-клуба” і дома ў шэрагу яго супрацоўнікаў прайшлі вобшукі і агляды. Пасля гэтага было затрымана шэсць чалавек: заснавальніца арганізацыі Юлія Слуцкая, праграмны дырэктар Ала Шарко, дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмны дырэктар Акадэміі „Прэс-клуба” Сяргей Якупаў, аператар Пётр Слуцкі (сын Юліі Слуцкай), а таксама Ксенія Луцкіна — член асноўнага складу Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі, звязаная з праектам „альтэрнатыўнага тэлебачання” на YouTube, дачыненне да якога мела Акадэмія „Прэс-клуба”.

Слуцкую падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Луцкіну, Слуцкага — у саўдзеле. 31 снежня Слуцкай, Альшэўскаму, Слуцкаму і Луцкінай былі выстаўленыя абвінавачанні, Якупава дэпартавалі ў Расію без выстаўлення абвінавачання. У пачатку студзеня сваякі арыштаваных пералічылі на рахунак Следчага камітэта амаль 110 тыс. рублёў як забеспячэнне кампенсацыі магчымай шкоды.

23 лютага гэтага года дачка Юліі Слуцкай Аляксандра паведаміла БелаПАН, што фігурантам справы „Прэс-клуба” працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы. Паводле яе слоў, да 23 красавіка за кратамі застануцца яе мама і брат, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі. Інфармацыі пра Ксенію Луцкіну ў Аляксандры няма, але мяркуючы па тым, што яна не выйшла на волю, меру стрымання працягнулі і ёй.

Беларускія праваабаронцы прызналі затрыманых супрацоўнікаў „Прэс-клуба” палітзняволенымі.

belapan.by