Віцебшчына выдаткавала BR 600 тысяч на барацьбу з баршчэўнікам
Віцебская вобласць павялічыць фінансаванне на барацьбу з баршчэўнікам у 2018 годзе ў тры разы, паведамілі ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Усяго у 2018 годзе на мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніка Сасноўскага з рэспубліканскага, абласнога, раённых бюджэтаў, а таксама за кошт уласных сродкаў землекарыстальнікаў, на тэрыторыі якіх расце дадзеная расліна, будзе накіравана больш за Br 600 тыс. У 2017 годзе на гэтыя мэты з розных крыніц фінансавання было накіравана каля Br 190 тыс., а працы атрымалася правесці толькі на 85% тэрыторыі вырастання інвазіўнай расліны. „Таму грунтоўная падрыхтоўка да цяперашняга сезону пачалася загадзя, яшчэ ў верасні 2017 года. У яе ўцягнутыя ўсе службы раёнаў. Зараз прапрацоўваюцца пытанні па фарміраванні спецыялізаваных брыгад, камплектацыі іх неабходнай тэхнікай і абсталяваннем. Праводзяцца мерапрыемствы па закупцы гербіцыдаў”, – падкрэслілі спецыялісты.
Агульная плошча, занятая баршчэўнікам на тэрыторыі Віцебскай вобласці, у цяперашні час складае каля 2 тыс. га. Найбольшы яго распаўсюд адзначаецца ва Ушацкім (1 тыс. 50 га), Гарадоцкім (245 га), Віцебскім (240 га), Браслаўскім (150 га), Талачынскім (90 га) і Сенненскім (72 га) раёнах. У нязначнай ступені расліна сустракаецца і ў іншых рэгіёнах вобласці.
Увесну працы па знішчэнні баршчэўніка будуць весціся ў вобласці на ўсёй тэрыторыі яго росту, у тым ліку ручным і механічным скошванне – на плошчы больш за 1 тыс. га, хімічным метадам (з ужываннем гербіцыдаў) – на плошчы 829,3 га, камбінаваным спосабам – на плошчы 254,7 га. Для павышэння выніковасці працы ў трэцім квартале плануецца паўторнае выдаленне баршчэўніка на плошчы каля 1,3 га.