Віцебск: больш за 10 затрыманых на мірным маршы салідарнасці



Марш практычна адразу пачаўся з затрыманняў: на месцы збору ўдзельнікаў ужо чакалі два пустыя аўтобусы і дзясятак супрацоўнікаў міліцыі. Затрымалі толькі аднаго чалавека, і калона рушыла ў цэнтр горада. Маніфестанты дайшлі да плошчы Свабоды, звярнулі на праспект Фрунзе, вярнуліся па ім назад, але на перасячэнні з вуліцай Леніна іх ужо чакалі шыхты міліцыянтаў. Прынамсі дваіх чалавек збівалі і затрымлівалі на вачох у мінакоў.

Калона ўдзельнікаў мірнага маршу было рушыла да плошчы Перамогі, але шлях ім зноўку перакрылі міліцыянты. Аўтобусы з чырвона-зялёнымі сцягамі і міліцэйскія машыны паставілі так, каб людзі не маглі трапіць у двары, і вялікі натоўп з бел-чырвона-белымі сцягамі спыніўся на вуліцы Гогаля. Маніфестантам удалося прайсці на вуліцу Праўды, але ў раёне сярэдняй школы №28 міліцыянты іх зноўку спынілі. Некалькі чалавек гвалтам увапхнулі ў аўтобус, прычым адзін з затрыманых быў на ровары – ровар кінулі проста пасярод дарогі. На другім баку вуліцы адбылася сутычка з міліцыянтамі, відавочцы кажуць, што міліцыянты ўжылі слезацечны газ. Але ў тэлеграм-канале віцебскай міліцыі паведамляецца, што балончык з газам выкарыстаў нехта з удзельнікаў. Таксама сілавікі паведамляюць пра тое, што па факце нанясення цялесных пашкоджанняў супрацоўніку міліцыі распачата крымінальная справа.

Апошняе сутыкненне з міліцыяй адбылося на вуліцы Воінаў-інтэранацыяналістаў каля кафедральнага касцёла. Міліцыянты зноўку вырашылі перакрыць дарогу калоне маніфестантаў, у якой на той момант засталося каля 200 чалавек. Людзі прарвалі міліцэйскі ланцуг, але некалькі чалавек усё-ткі затрымалі. У ліку затрыманых апынуўся і незалежны журналіст Зміцер Казакевіч, які ўдзелу ў маршы не прымаў, а выконваў свае прафесійныя абавязкі.

Яго, як і іншых жыхароў Віцебску, схопленых міліцыянтамі, змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Суды над затрыманымі, якіх, паводле дадзеных міліцыянтаў, больш за 10 чалавек, адбудуцца заўтра.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск