Віцебск: двух актывістаў адпусцілі з-пад арышту. Навошта так робяць?
Віцебскі суд Кастрычніцкага раёна прысудзіў сёння 10 сутак арышту сябру «Народнай грамады» Уладзіміру Кійко. Але праз 2 гадзіны яго нечакана выпусцілі на волю.
У ізалятар часовага ўтрымання, дзе адбываюць арышты, прыехаў супрацоўнік міліцыі Віталь Праліч — ён склаў пратакол, на падставе якога спадара Кійко асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі – “ланцуга салідарнасці” 19-га ліпеня. Міліцыянт заявіў, што актывіст вольны, але часова. “Мы адправім цябе пад арышт, калі гэта будзе патрэбна”, – цытуе словы Віталя Праліча вызвалены Уладзімір Кійко.
Падобная сітуацыя адбылася з асуджаным на 12 сутак Аляксандрам Якушковым. Яго выпусцілі на волю, не паведаміўшы, калі ён мусіць з’явіцца назад. На думку спадара Якушкова, гэтак робіцца знарок:
-Учора мяне вывезлі без тлумачэння прычынаў. Відавочна, каб потым мяне дзе-небудзь перастрэць, схапіць і зноўку сфабрыкаваць адну-дзве-тры адміністрацыйных справаў. Пэўна, каб я хадзіў і баяўся. Але я сёння сказаў гэтаму старшаму лейтэнанту Пралічу, што ён мяне не запалохае – ні ўчора, ні сёння, ні заўтра, ні паслязаўтра.
Са спадаром Якушковым падобнае ўжо здаралася: яго і раней выпускалі з-пад арышту, але праз некалькі дзён затрымлівалі зноў і зноў судзілі за іншыя правапарушэнні. Сябры спадароў Кійко і Якушкова мяркуюць, што міліцыя хоча мець магчымасць “нейтралізаваць” іх непасрэдна перад прэзідэнцкімі выбарамі. Але тут ёсць адна акалічнасць: віцебскі ІЧУ плануюць зачыніць на рамонт, і верагодна, што “даседжваць суткі” актывістаў накіруюць у Воршу ці Наваполацк.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск