Віцебск: кветкі ў памяць пра Дзень Волі
Праз эпідэмію каронавіруса 25-га сакавіка не адбылося традыцыйнага шэсця віцяблян па знакавых мясцінах горада. Але некалькі гараджан, не згаворваючыся, прайшлі гэты маршрут паасобку, і ўсклалі кветкі да помніка князю Альгерду, да мемарыяльнай дошкі на будынку, дзе ў мастацкай вучэльні некалі вучыўся Васіль Быкаў .
Паводле даўняй традыцыі, якая існуе ў Віцебску ўжо не адзін дзясятак гадоў, канцавым пунктам маршруту стаў помнік Уладзіміру Караткевічу. Не забыліся на жалобнае месца, дзе падчас адбудовы ўспенскага сабору былі знойдзены парэшткі безыменных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Здымкі з ускладання кветак віцябляне размясцілі ў адмысловай групе ў Фэйсбуку, якая была створана з нагоды сёлетняга віртуальнага святкавання Дня Волі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск