Віцебск: падчас аўтапрабега салідарнасці затрымалі “Жывемабіль”
“Жывемабілем” віцябляне называюць белы мікрааўтобус з чырвонай паласой і надпісам “Жыве Беларусь”. Вынаходнік ідэі “Жывемабіля” – Андрэй Кулакоў, які пафарбаваў такім чынам два ўласных”Фальксвагена Т-3”. Міліцыянты абвясцілі вайну і машынам, і гаспадару: днямі Андрэя Кулакова пазбавілі правоў кіроўцы за парушэнне правілаў дарожнага руху, і ён рыхтуе заяву ў суд, каб давесці, што парушэнне было падстроена супрацоўнікамі ДАІ.
У гэтую суботу віцебскія аўтамабілісты вырашылі правесці аўтапрабег салідарнасці – праехаць па горадзе з бел-чырвона-белымі сцягамі, і за стырном “Жывемабіля” быў іншы чалавек. Супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну, цяпер жывемабіль знаходзіцца на тэрыторыі аддзела міліцыі Перашамайскага раёна.
Прайшоў у Віцебску і марш салідарнасці. Ён быў нешматлюдны і працягваўся ўсяго каля 2-х гадзін. Гэтаму ёсць некалькі прычынаў. Па-першае, узмацніўся ціск на студэнтаў: некалькі чалавек былі затрыманыя цягам гэтага тыдня падчас акцый салідарнасці калі педагагічнага ўніверсітэта і акадэміі ветэрынарнай медыцыны, іх чакаюць суды. Па-другое, людзі рыхтуюцца да заўтрашняга маршу, які абяцае быць больш масавым.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск