Віцебск: прыхільнікам незалежнасці Беларусі не ўдаецца аспрэчыць штрафы



У Віцебскім абласным судзе распачаўся разгляд касацыйных скаргаў, пададзены віцяблянамі на рашэнні судоў, якія штрафавалі іх за ўдзел у пратэстных акцыях.

Актывістка Таццяна Севярынец падавала адразу дзве скаргі на рашэнні суду Першамайскага раёну, дзе яе аштрафавалі за менскія акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі 20-га і 21-га снежня. Суддзі Ірына Смалякова і Святлана Іванова пагадзіліся з пастановай раённага суду. Таццяна Севярынец кажа, што і не чакала іншага рашэння:

– Пры сённяшняй судовай сістэме – канешне, не! Я проста паспрабавала данесці ўсю абсурднасць сітуацыі да суддзі і да прысутных – там сёння было шмат людзей, поўная судовая зала. Каб гэтая пазіцыя – супраць інтэграцыі, за незалежнасць – была зразумелай.

Суддзя Святлана Іванова пакінула ў сіле і пастановы суду Чыгуначнага раёну, які аштрафаваў Наталлю Трошчанка і Алега Паўлава за ўдзел у віцебскай акцыі пратэсту 29 снежня. Праваабаронца Павел Левінаў  лічыць, што суддзі нават не лічаць патрэбным разбірацца ў акалічнасцях гэтых адміністрацыйных спраў:

– У кожнай скарзе людзі падкрэслівалі, што яны сваім удзелам у мірным сходзе не нанеслі шкоды ні дзяржаве, ні грамадзянам гэтай дзяржавы. І таму лічаць, што іх прыцягваюць да адказнасці па палітычных матывах. А пра правы і магчымасці іх рэалізацыі суддзі чуць не хочуць.

Тым не менш, амаль усе віцебскія актывісты збіраюцца абскарджваць пакаранні за ўдзел у акцыях пратэсту, а ў выпадку няўдач у абласным судзе звяртацца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск