Віцебск: прыватнае ўскладанне кветак  супраць афіцыёзу ў Дзень Перамогі



Віцебскія прадстаўнікі дэмакратычных сілаў усклалі кветкі да Вечнага агню. Але зрабілі гэта, дачакаўшыся сканчэння афіцыйнага мітынгу на плошчы Перамогі.

Бо ўрачыстыя прамовы, савецкая сімволіка  і прымусовы ўдзел школьнікаў у сённяшніх імпрэзах не маюць нічога агульнага з сапраўднымі памяццю і пашанай, мяркуе прадстаўніца БХД Ірына Захарава.

-Я лічу сённяшні дзень 9 траўня днём смутку, перша за ўсё. А не святам, якое навязваюць людзям. Трэба, каб людзі самы, сваім сэрцам, сваёй душой адчулі гэты смутак. А дзяцей маленькіх, якія зусім яшчэ несвядомыя, калі апранаюць у вайсковую форму – гэта што ж такое? І прымушаюць спяваць дарослыя песні пра кулі, пра смерць… Я лічу, гэта ўвогуле блюзнерства!

Кіраўніца аргкамітэту прафсаюзу прадпрымальнікаў “Разам”, старшыня гарадской арганізацыі АГП Ірына Яскевіч лічыць, што Дзень Перамогі мусіць быць прыватным, сямейным святам.

-Я прыйшла з дачкой, з унучкай. Бо лічу, што не трэба рабіць з гэтага дня непаразуменне нейкае! Мне ёсць што распавесці пра маіх дзядоў. Адзін мой дзед быў лётчыкам, яго тройчы збівалі, ён быў у партызанах, а потым зноў лятаў… І ён заўжды чакаў гэтага пераможнага 9 траўня. Я сёння прыйшла сюды, каб сказаць: “Я шаную ваш геройскі ўчынак!”  І будзем несці гэтую памяць – і мы, і нашы ўнукі, і, спадзяюся, нашы праўнукі.

Імпрэзы да Дня Перамогі ў Віцебску распачаліся яшчэ 3 траўня. Гэта традыцыйныя канцэрты мастацкай самадзейнасці, дэманстрацыя вайсковай тэхнікі, раздача “георгіеўскіх” стужак і акцыя “Несмяротны полк”, арганізаваная прыхільнікамі “русского мира”. І нічога такога, што змушала б задумацца пра сапраўдны, трагічны  сэнс перамогі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя