Віцебск: сцяг на даху, каб быў відаць з верталёта Лукашэнкі



Аляксандр Лукашэнка прылятаў у Віцебск на верталёце, пасадачнай пляцоўкай для якога была тэрыторыя вайсковай часткі, дзе месціцца 103-я мабільная брыгада. Разам з кіраўніцтвам вобласці Лукашэнка наведаў радзільню, дзе чыноўнікі без масак і іншых ахоўных сродкаў абмяркоўвалі сітуацыю з эпідэміяй каронавірусу. Гэтай самай тэме была прысвечана і нарада ў аблвыканкаме.

Пра візіт Аляксандра Лукашэні ў Віцебск стала вядома яшчэ ўчора, і мясцовыя “партызаны” падрыхтаваліся да сустрэчы:  за мінулую ноч у горадзе з’явілася вельмі шмат бел-чырвона-белых сцягоў, налепак і малюнкаў.  А сёння ўдзень, пакуль Лукашэнка чарговы раз тлумачыў медыкам і пацыенткам радзільні, што каронавірус –  гэта “зусім не страшна”, у дварах збіраліся актывісты пад нацыянальнымі сцягамі. Вялізны сцяг быў умацаваны і на даху аднаго са шматпавярховых дамоў. На ім —  надпіс з патрабаваннем  прыцягнуць да адказнасці забойцаў Рамана Бандарэнкі. Памер сцяга-плаката дазваляў разгледзець гэты надпіс з верталёта, на якім Аляксандр Лукашэнка наведваў Віцебск.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск