Віцебск: суд за налепкі “Калгаснай дыктатуры – баста” не адбыўся



У судзе Кастрычніцкага раёну разбіралі справы актывістаў кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Наталлі Спірыдонавай і Алеся Круткіна, якія ўчора наклеілі налепку “Калгасный дыктатуры – баста” на будынку абласной пракуратуры.

Іх заўважылі праз камеры відэаназірання, ахоўнікі патэлефанавалі ў аддзел міліцыі Кастрычніцкага раёна, і затрыманне адбылося ўжо ў іншым месцы горада, кажа Наталля Спірыдонава:

– Нас забралі каля “сіняга дома”, пасадзілі ў машыну і павезлі ў РАУС. Там на нас склалі гэтыя пратоколы, трымалі некалькі гадзін. Пасля мяне адпусцілі дахаты, але не адразу: спачатку завезлі ў Першамайскі РАУС, дзе склалі пратакол за такую самую налепку, якую мы наклеілі ў той самы дзень, але раней.

Алесь Круткін распавёў, што будынак пракуратуры для таго, каб наклеіць налепку, быў абраны невыпадкова:

– Я лічу, што выклік павінны быць смелым. У ідэале, я лічу, у кожным райцэнтры, у кожным абласным цэнтры мусяць знайсціся людзі, каб рабілі выклікі – налепкі. Я нават заклікаю гэта рабіць на судах, на пракуратурах.

У судзе актывісты хадайнічалі, каб замяніць артыкул пра дробнае хуліганства, паводле якога іх вінавацяць, на іншы – пра парушэнне парадку ўпарадкавання населеных пунктаў. Алесь Круткін, які мінулую ноч правёў у ізалятары часовага ўтрымання, выказаў хадайніцтва, каб заключыць дамову з адвакатам. Суддзя Ілля Белавус заявіў, што адпраўляе пратаколы на дапрацоўку назад у міліцыю.

Наталлю Спірыдонаву і Алеся Круткіна зноўку завезлі ў міліцыю Кастрычніцкага раёну. Дзяўчыне ўручылі позву на складанне новага пратакола 31-га студзеня, а Алеся Круткіна пакінулі пад вартай да прыезду супрацоўнікаў Полацкага РАУС. Хлопца павінны завезці ў міліцыю па месцы прапіскі, і, як ён мяркуе, прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у менскіх акцыях пратэсту супраць “паглыбленай інтэграцыі”.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск