Віцебск: суткі  і штрафы ўдзельнікам апошняга маршу салідарнасці



Судовыя працэсы над затрыманымі 6-га верасня ўжо другі дзень праходзяць у ізалятары часовага ўтрымання. У суды людзей не прывозяць – верагодна, апасаюцца масавай падтрымкі з боку аднадумцаў. Сваякі і сябры чакаюць звестак пра судовыя пастановы каля ганкаў ІЧУ, тамсама сустракаюць тых, каго аштрафавалі і выпусцілі з-за кратаў.

Андрэю Анішчанку прысудзілі 8 базавых велічынь – 216 рублёў – штрафу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі:  

– Я трапіў у такое месца – паміж міліцыяй і людзьмі. Яны, атрымліваецца, выцягнулі мяне. Рукі заламалі і закінулі ў сіні бус, тварам да падлогі. Потым загрузілі ў аўтазак і прывезлі ў міліцыю. Бо я выказваў сваю пазіцыю. Вось і ўсё.

Андрэя Анішчанку затрымалі на скрыжаванні вуліц Леніна і Замкавай. Тамсама  міліцыянты схапілі і Алега Падабаева.

Суд пастанавіў аштрафаваць яго на 10 базавых велічынь – на 270 рублёў – за тое, што заступіўся за свайго сябра.

– Чацьвёра ці пяцёра супрацоўнікаў міліцыі яго збівалі. Я пайшоў сказаць, каб яны спынілі збіццё. Мне сказалі: “Ах, ты памочнік!” А далей я памятаю ўжо тое, як ляжаў на асфальце. Пратаколы склалі на ўсіх аднолькавыя, па шаблоне. А я ішоў сказаць, што незалежна ад таго, якое прозвішча ў прэзідэнта, усё павінна быць чэсна і справядліва. Я павінен быў гэта сказаць!

Тых, каму прысудзілі арышты, пакідаюць у ізалятары часовага ўтрымання надалей. Увогуле ж, суды не спяшаюцца разбіраць справы затрыманых: паводле заканадаўства, чалавека можна ўтрымліваць за кратамі да суду 72  гадзіны. І гэтую магчымасць імкнуцца выкарыстаць па максімуме, каб дэмаралізаваць і запалохаць затрыманых.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск