Віцебск: тры штрафы актывістам “Страны для жизни”
Віцебскія раённыя суды скончылі разгляд адміністрацыйных справаў, пачатых супраць Алега Баразны, Аляксея Саламаненкі, Эдуарда Плюсніна і Аляксандра Іллінца.
Усіх чатырох затрымалі 31-га траўня, якраз перад пачаткам пікета па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую, дзе сабралася больш за тысячу жыхароў горада. Як пазней патлумачылі міліцыянты, прычынай затрымання сталі плакаты “Свабоду Ціханоўскаму!”,“No pasarán!” і “Стоп таракан”, заўважаныя на месцы збору подпісаў увечары 30-га траўня. На думку супрацоўнікаў міліцыі, ён не мае дачынення да выбачай кампаніі. Праваабаронца Павел Левінаў лічыць падобныя прэтэнзіі парушэннем выбарчага заканадаўства:
– Раздаваць нельга інфармацыйныя матэрыялы, але завабліваць інфармацыйнымі матэрыяламі можна! А калі камусьці не падабаецца змест, то гэта праблемы тых, каму не падабаецца, а не грамадзян. Я напісаў зварот у Віцебскую абласную выбарчую камісію з патрабаваннем выклікаць начальніка абласной управы МУС , бо ягоныя падначаленыя чыняць перашкоды грамадзянам, якія хочуць паставіць подпісы за таго ці іншага кандыдата.
Актывісты “Страны для жизни” не змаглі трапіць на пікет 31-га траўня, і ноч правялі ў ізалятары часовага ўтрымання. 1 чэрвеня ім былі прысуджаны штрафы, прычым працэс над Аляксеем Саламаненкам пачаўся толькі а 18-й вечара. Алег Баразна аштрафаваны на 40 базавых велічынь (1080 рублёў), Аляксей Саламаненка на 30 (810 рублёў) , Эдуард Плюснін на 20 (540 рублёў). Справу Аляксандра Іллінца адправілі на дапрацоўку ў міліцыю, бо суд не змог знайсці ў ёй доказаў правапарушэння.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск