Віцебск: яшчэ 2 160 рублёў штрафаў «за незалежнасць»



Гэта вынік трох судоў, дзе разбіралі адміністрацыйныя справы за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленай інтэграцыі» і за заклікі на іх. У судзе Віцебскага раёна на 25 базавых велічынь (675 рублёў) аштрафавалі актывістку і блогерку Алену Янушкоўскую. Суддзя Міхаіл Зубеня прызнаў яе вінаватай паводле ч.1 артыкула 23.34 КаАП і пакараў за ўдзел у менскай акцыі пратэсту 20 снежня мінулага года.

Алена Янушкоўская з прысудам не згодная:

– За што мяне судзяць? Вось скажыце, за што мне штраф 25 базавых? За тое, што я раблю тое, чаго не робяць яны. Па Канстытуцыі гэта наш абавязак – выходзіць і адстойваць нашы правы. А што атрымліваецца? Што нас пазбавілі ўсіх правоў – нават бараніць нашу краіну!

Такі самы штраф памерам 25 базавых велічынь прысудзілі ў судзе Першамайскага раёна жыхарцы Віцебска Наталлі Спірыдонавай. Суддзя Міхаіл Юрчанка пакараў дзяўчыну за допіс у Фэйсбуку – за рэпост аб’явы пра акцыю супраць інтэграцыі з Расеяй, якая прайшла ў Віцебску 29 снежня. 28 студзеня Наталлю Спірыдонаву будуць судзіць яшчэ і за ўдзел у гэтай акцыі.

За рэпост аб’явы пра акцыю ў Віцебску суддзя Міхаіл Юрчанка асудзіў і Таццяну Севярынец, пакараўшы актывістку штрафам памерам 30 базавых велічынь (810 рублёў). На суд яна не пайшла, бо лічыць гэта бессэнсоўным:

– Я пачала кампанію непадпарадкавання! На свае суды я не хаджу, бо лічу іх не проста несправядлівымі – іх увогуле не павінна быць! За абарону незалежнасці судзяць, не падымаючы галавы, не падымаючы вачэй, судзяць па загадзе. Гэта гамон, гэта здрада, гэта злачынства!

Суды за акцыі ў падтрымку суверэнітэту Беларусі распачаліся ў Віцебску 15 студзеня і будуць працягвацца да канца месяца. Таксама заўтра суды распачнуцца ў Полацку і Наваполацку: судзіць будуць за тое, што 4 студзеня людзі сталі жывым ланцугом каля Сафійскага сабора і склалі з раздрукаваных літар слова «Незалежнасць».

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск