Віцебскага актывіста патаемна асудзілі яшчэ на 12 сутак
Актывіст „Народнай Грамады” Аляксандар Якушкоў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Яго гвалтам забралі проста з вуліцы і адвезлі “дабываць тэрмін” – 10 сутак арышту за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую 31 траўня. Родным спадара Якушкова стала вядома, што ў зняволенні на яго склалі яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы – за ўдзел у нібыта несанкцыянаваных пікетах 7-га і 19-га чэрвеня. Суд над ім быў прызначаны на 2-га ліпеня, але патаемна прайшоў напярэдадні і завяршыўся позна ўвечары 1-га. Працэс адбываўся ў судзе Кастрычніцкага раёна, і суддзя Ілля Белавус правёў яго ў закрытым рэжыме, паведаміла віцебская блогерка Алена Янушкоўская:
– Па словах жонкі Якушкова, ёй патэлефанавала сакратарка з суда і спытала, ці будзе яна нешта прадпрымаць. Тая адказала, што так – што яна шукае адваката. Сакратарка зноўку ёй патэлефанавала, каб паведаміць, што а 17-й гадзіне будзе суд – гэта было за 6 хвілін да пачатку. І высветлілася, што першая частка суду ўжо адбылася, і гэта была ўжо другая.
Ні жонку, ні ахвотных прысутнічаць на працэсе ў залу не пусцілі: уваход туды ахоўвалі міліцыянты ў цывільным, якіх папрасіў пра гэта асабіста суддзя Ілля Белавус. Суд праходзіў праз Скайп, і жонцы Якушкова давялося бегчы за Белавусам па калідоры, каб ён нарэшце сказаў пра сваё рашэнне: яшчэ 12 сутак арышту. На думку праваабаронцы Ірыны Траццяковай, мелі месца адразу некалькі парушэнняў заканадаўства з боку суду:
– То, што пасяджэнне праходзіць праз Скайп, – гэта парушэнне, бо чалавек не мае права пазнаёміцца з матэрыяламі справы, ён пазбаўлены права на абарону. Нават блізкім сваякам не паведамілі, калі пачалося судовае пасяджэнне, і што яно ідзе ўжо з раніцы. Сілавыя структуры ўмешваюцца ў працу судоў, а суддзі загадваюць зусім іншаму ведамству, ці пускаць кагосьці ў залу ці не пускаць.
За што канкрэтна асудзілі Аляксандра Якушкова, пакуль невядома. Суд мог разгледзець абодва наяўныя пратаколы і прызначыць адзінае пакаранне, а мог разабраць толькі адну справу, і тады актывіста чакае яшчэ адзін судовы працэс. Верагодна, такі самы: патаемны, праз Скайп, і з новым пакараннем “суткамі”.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск