Віцебскага краязнаўцу і фотамастака хацелі пакараць за абразу Лукашэнкі
За два фотаздымкі, размешчаныя побач у сацыяльных сетках, супраць Віктара Барысенкава распачалі крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі.
Але, узяўшы тлумачэнні, справу скасавалі, распавёў спадар Віктар, апісаўшы выявы, якія трапілі пад увагу міліцыянтаў райаддзела міліцыі Кастрычніцкага раёна :
– І Лукашэнка, і Гітлер стаялі ў аднолькавых позах. І ніжэй была цытата: “Забівайце, забівайце, забівайце, усю адказнасць я бяру на сябе”. Патлумачыў, што гэта была мая рэакцыя на падзеі мінулагодняга жніўня – калі прыгадаць, што Лукашэнка прыхільна казаў пра Гітлера ў свой час. Але, падобна, параўнанне двух фотаздымкаў ні пра што не сведчыць, і справу скасавалі праз адсутнасць складу злачынства.
Віктар Барысенкаў не лічыць патрэбным хаваць свае палітычныя погляды, і праз гэта ўжо не аднойчы меў непрыемнасці, не зважаючы на свае заслугі і вядомасць у горадзе. Ён аўтар соцень фотапраекцый, дзякуючы якім гараджане могуць убачыць знішчаныя помнікі архітэктуры ў сучасных гарадскіх краявідах, яго творы экспанаваліся на дзясятках выставаў. Але апошняя фотавыстава была забаронена, некалькі лекцый на краязнаўчыя тэмы былі адмененыя. А днямі Віктара Барысенкава пакаралі арыштам на 7 сутак за нібыта прапаганду фашыстоўскай сімволікі. Падставай стала размяшчэнне ў сацыяльных сетках гістарычных фота здымкаў акупаванага Віцебска, на якіх прысутнічала свастыка. Калекцыянер выставіў іх на ўсеагульны агляд з адукацыйнымі мэтамі, аднак віцебскія суды абвінавацілі яго ў адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 19.10 КоАП.
Беларускае Радыё Рацыя