Віцебскага незалежнага журналіста затрымалі “памылкова”



Змітра Казакевіча затрымалі ўчора пасля маршу салідарнасці. У акцыі ён не ўдзельнічаў, а выконваў свае прафесійныя абавязкі – размаўляў з людзьмі, фатаграфаваў, здымаў відэа.

Затрыманне адбылося, калі ён ужо вяртаўся дахаты, кажа журналіст:

– Калі ў 1937-м годзе раз’язджалі чорныя “варанкі”, то зараз я не ўгледзеў марку, але машына новая, чорная, бліскучая… Убачыў трох чалавек, якія бягуць проста да мяне, двое хапаюць за рукі, трэці выхапіў у мяне тэлефон, і пацягнулі ў машыну.

У Першамайскім РАУС высветлілася, што Змітра Казакевіча затрымалі, каб накіраваць у ізалятар часовага ўтрымання – адбываць арышт, прысуджаны яму яшчэ 12-га жніўня. Арышт на 10 сутак яму прысудзілі  за асвятленне  грамадскіх пратэстаў у дзень выбараў, але журналіст аспрэчыў пакаранне ў абласным судзе. Афіцыйны дакумент пра гэта быў у Змітра Казакевіча пры сабе, але ў міліцыі яго не сталі нават глядзець. Да 2-й гадзіны ночы яго трымалі ў міліцыі, а потым адвезлі ў ІЧУ. Толькі там, калі ў журналіста ўжо забралі асабістыя рэчы, у тым ліку папругу і шнуркі, супрацоўнікі спахапіліся – зразумелі, што парушаюць рашэнне абласнога суда. Змітра Казакевіча тэрмінова вызвалілі, прызнаўшы памылку. Але ён збіраецца падаць скаргу на дзеянні міліцыянтаў, якія незаконна ўтрымлівалі яго 8 гадзін.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск