Віцебскага праваабаронцу пакаралі штрафам (абноўлена)



 

Суд Чыгуначнага раёна Віцебска пакараў правабаронцу  Паўла Левінава штрафам у памеры 25-ці базавых велічыняў за ўдзел у фотасесіі «з клеткамі і птушкамі». Ён з’яўляецца сёмым з ліку асоб, прызнаных вінаватымі ў несанкцыянаваным пікетаванні.

Па словах Паўла Левінава, суддзя Алена Цыганкова не задаволіла ніводнага з яго хадайніцтваў і не ўлічыла той факт, што падсудны меў даведку аб хваробе.

– Мой працэс адрозніваўся ад іншых тым, што, нягледзячы на тое, што мной было заяўлена хадайніцтва аб прадастаўленні мне права мець абаронцу, гэтае права суддзёй было праігнаравана. Яна адмовілася выклікаць у суд майго абаронцу. Суддзя не задаволіла сёння ніводнага майго хадайніцтва па далучэнні да матэрыялаў справы доказаў таго, што дадзены фотаздымак ніяк не можа з’яўляцца адміністрацыйным правапарушэннем.

Удзельнікаў фотасесіі апазналі па фотаздымках, размешчаных у інтэрнэце. Шасцёра журналістаў і актывістаў ужо асуджаныя. Павал Левінаў збіраецца абскардзіць прысуд у камітэт ААН па правах чалавека.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У судзе Чыгуначнага раёна Віцебска разглядаюць справу праваабаронцы Паўла Левінава. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце. Так мясцовыя міліцыянты назвалі фотасесію на фоне графіці „з птушкамі і клеткамі”.

Яшчэ да пачатку працэсу Павал Левінаў сказаў нашаму радыё, што не спадзяецца на апраўдальны прысуд, тым больш, што само абвінавачванне лічыць абсурдальным.

– Фатаграфаваннем любы чалавек выказвае нейкія погляды – ці грамадска-палітычныя, ці асабістыя і т.д. Людзі на грамадскім прыпынку таксама стаяць з пэўнай мэтай, выказваюць свае погляды, абурэнне грамадскім транспартам. Тады давайце будзем усіх затрымліваць, саджаць і будаваць не жыллё, а турмы.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў – сёмая асоба, якую судзяць за гэтую фотасесію. Яе ўдзельнікаў пазналі па фатаздымках, размешчаных у інтэрнэце. Шасцёра журналістаў і актывістаў ужо асуджаныя.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org