Віцебскага ўдзельніка “кармлення галубоў” аштрафавалі на 540 рублёў



У Віцебску затрымалі 8 чалавек, якія “кармілі галубоў” 3 траўня. Алег Баразна і Аляксей Саламаненка былі затрыманыя 7 траўня, яшчэ шасцёра – сёння.

Алег Саламаненка трапіў у міліцыю, калі пайшоў у райаддзел Чыгуначнага раёну падтрымаць сябра:

– Выйшлі два супрацоўнікі, спыталіся, каго я чакаю. І праз некаторы час ізноў выйшлі, ужо паказалі пасведчанні, і ўсё. Сказалі, што трэба даць тлумачэнні наконт 3-га траўня, сходу для „кармлення галубоў”. Пачалі глядзець відэа, сказалі, што я затрыманы.

Алега Саламаненку будуць судзіць 22 траўня. Алега Баразну ўжо асудзілі: ён аштрафаваны на 20 базавых велічынь. Суддзя Алена Цыганкова палічыла яго вінаватым за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. На думку віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай,  затрымалі найперш тых, хто браў удзел у стрымах блогера Сяргея Ціханоўскага:

– Я думаю, што гэта ў сувязі з выбарамі. Яны проста хочуць пакінуць без кіраўнікоў, так бы мовіць, незадаволеную частку насельніцтва.Карацей, яны блакуюць усіх – затрымліваюць усіх актыўных.

Сёння ж быў затрыманы і жыхар Воршы Ілля Ціханаў, які браў удзел у стрымах Сяргея Ціханоўскага з Аршанскага рэгіёну. У чым яго вінавацяць, пакуль не вядома: прынамсі, у Воршы пакуль “кармлення галубоў” не было.

Віцебск толькі нядаўна далучыўся да акцый грамадскай салідарнасці – “кармлення галубоў” – на ўзор Берасця. 

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск